Пошук

26.11.2020 14:28   Паводле: Dominus.by / Пераклад: Анастасія Грышан / Catholic.by

За апошні час многія дыяцэзіі па ўсім свеце адмянілі публічныя Імшы. Гэтыя гісторыі распавядаюць пра святых, якія жылі без Эўхарыстыі.

Матэрыял гэтай тэме прысвячае Dominus.by.

Калі свет змагаецца з пандэміяй, здаецца, што значнасць Імшы яшчэ большая, чым калісьці. Але нават калі публічныя набажэнствы адмяняюцца, святары ўсё роўна працягваюць цэлебраваць Імшу за зачыненымі дзвярыма. Такім чынам, Пан усё роўна адорвае вернікаў ласкай, асабліва калі яны прымаюць духоўную камунію.

Ёсць шмат святых і благаслаўлёных (і мільёны хрысціян у цэлым), у якіх быў падобны досвед — шмат месяцаў або нават гадоў яны жылі без сакрамэнтаў. Іх прыклад можа дапамагчы нам умацавацца ў цярпенні.

Тысячы японскіх хрысціянаў (няхай і не кананізаваных) амаль 250 гадоў жылі без святароў.

Яны таемна хрысцілі дзяцей, навучалі іх праўдам веры, маліліся перад іконамі Марыі і Дзіцяткі Езуса, замаскіраванымі пад будыйскія выявы.

У 1858 г. у Японію нарэшце пачалі зноў пускаць хрысціянскіх місіянераў, якія выявілі, што іх чакаюць 10 тысяч тайных хрысціян. Уявіце, што вы даведаліся пра Эўхарыстыю толькі таму, што бабуля вашай бабулі хадзіла на Імшу, і выраслі, будучы амаль упэўненымі, што ніколі не зможаце пайсці ў святыню. Гэта дазваляе ўбачыць нашу сітуацыю ў перспектыве.

У аналагічнай сітуацыі былі і карэйскія святыя XIX ст. Першымі, хто абвяшчаў Евангелле, сталі Слуга Божы Йі Бёк і яго паплечнікі ў 1784 г. Пасля гэтага Касцёлам у Карэі да 1795 г. цалкам кіравалі свецкія людзі. Затым у Карэю прыбыў айцец Якуб Джоў Вэнь-Мо і знайшоў там чатыры тысячы католікаў, з якіх толькі адзін калісьці бачыў святара.

Ён быў адзіным святаром ва ўсёй Карэі на працягу шасці гадоў, да сваёй мучаніцкай смерці.

У наступныя 36 гадоў у Карэі больш не было Імшаў, пакуль у 1836 г. у краіну не прыбыла невялікая група французскіх святароў, але і яны былі забіты два гады пазней.

Святы Ісаак Жог (1607–1646), верагодна, рыхтаваў сябе да катаванняў і мучаніцтва, калі накіраваўся ў Паўночную Амерыку, каб абвяшчаць карэнным амерыканцам. Але як святар ён не чакаў, што яго пазбавяць Эўхарыстыі. Аднак яго рукі былі скалечаны падчас катаванняў. У той час святар без вялікага або ўказальнага пальца не мог цэлебраваць Імшу, і з моманту катаванняў да ўцёкаў і вяртання ў Францыю праз 17 месяцаў ён не мог не толькі цэлебраваць, але і спавядацца і нават прысутнічаць на набажэнствах. Каб цэлебраваць Эўхарыстыю, ён атрымаў адмысловы дазвол. Праз некаторы час ён вярнуўся ў Амерыку, дзе хутка быў забіты.

Благаслаўлёная Вікторыя Разоаманарыва (1848–1894) была шляхетнай малагасійкай, навернутай у каталіцтва. Калі ў 1883 г. з Мадагаскара былі выгнаны французы, святары даручылі клопат аб Касцёле Вікторыі і манаху Рафаэлю Рафірынгу.

Амаль тры гады Вікторыя і брат Рафаэль кіравалі супольнасцю з 21 тысячы свецкіх католікаў на Мадагаскары, збіраючы іх кожную нядзелю для сумеснай малітвы, таму што святароў там не было і Імшы не цэлебраваліся.

Вікторыя тлумачыла: «Я ўяўляю сабе місіянераў, якія цэлебруюць Імшу, і ў думках удзельнічаю ва ўсіх Імшах, якія здзяйсняюцца ў свеце». Праз тры гады супольнасць, якая прагнула Эўхарыстыі, зноў вітала сваіх святароў і дзякавала ім за магчымасць прысутнічаць на набажэнстве.

Святы Марк Дзі Цяньсянь (1834–1900) быў залежным ад опіуму. Яго духоўнік не разумеў прыроды залежнасці і адмаўляўся адпускаць яму грахі, пакуль ён не пераадолее гэтую цягу. 30 гадоў Марк Цзі Цяньсян працягваў вызнаваць хрысціянскую веру, хоць у сакрамэнтах яму адмаўлялі да яго мучаніцкай смерці. Ён быў кананізаваны не толькі за мучаніцтва, але і за дзесяцігоддзі свайго наследавання Езуса нават без магчымасці прымаць сакрамэнты.

Благаслаўлёная Лаўрэнція Гарасыміў (1911–1952), як і незлічонае мноства іншых католікаў у нацысцкіх і савецкіх лагерах, правяла апошнія месяцы свайго жыцця без сакрамэнтаў, упэўненая, што ў яе не будзе магчымасці прыняць намашчэнне хворых або паспавядацца.

Арыштаваную за адмову пакінуць Каталіцкі Касцёл, сястру Лаўрэнцію выслалі ў Сібір.

Там яна пакутавала ад рук камуністаў і памерла. Перад смерцю яна прасіла аб Эўхарыстыі, усклікаючы: «Езус, я не хачу паміраць без Цябе!» Яна памерла, пражыўшы два доўгія гады без святой Камуніі, але цалкам з'ядналася з Езусам.

Абноўлена 26.11.2020 17:12
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця