Пошук

24.11.2020 15:16   Паводле: Vatican News / Пераклад і адаптацыя: Мікола Гракаў / Catholic.by
Ілюстрацыйнае фота: Tony Gentile / Reuters

У Афрыцы і Азіі няма недахопу ў святарах. Як вынікае з дадзеных Цэнтральнага статыстычнага бюро Касцёла, на працягу апошніх пяці гадоў колькасць святароў на гэтых кантынентах пастаянна павялічваецца.

Як 23 лістапада паведаміла італьянская рэдакцыя парталу Vatican News, усяго ў 2013–2018 гг. у свеце было больш за 414 тыс. святароў, прычым за гэты перыяд сакрамэнт пасвячэння прынялі 43 тыс.

Новы штогадовы статыстычны агляд падае інфармацыю адносна духавенства за 2018 год, якая адлюстроўвае сітуацыю па рэгіёнах, дыяцэзіях і інстытутах кансэкраванага жыцця.

На першы погляд можа здавацца, што ў 2018 г. святароў было менш, чым у 2013 г., аднак пры больш уважлівым аналізе відаць, што іх колькасць скарацілася толькі на 0,3 працэнта. Рост колькасці духавенства ў Афрыцы і Азіі не кампенсуе спаду, які назіраецца сярод святароў у Еўропе і Акеаніі. Толькі ў Еўропе колькасць святароў скарацілася на 7 працэнтаў.

Акрамя таго, вырасла агульная колькасць дыяцэзіяльных святароў, а колькасць манаскага духавенства паменшылася. У Еўропе іх стала менш на 8 працэнтаў, а ў Азіі і Афрыцы — на 10 працэнтаў больш.

Працэнтныя суадносіны на паасобных кантынентах паказваюць значныя змены, якія адбыліся за пяць гадоў.

Хоць у Еўропе застаецца найбольшы працэнт духоўных асоб, але з цягам часу ў агульнай прапорцыі ён заўважна паменшыўся.

У 2013 г. 184 тыс. еўрапейскіх святароў складалі каля 44,3 працэнта ад агульнай колькасці святароў у свеце, а праз пяць гадоў іх доля складала 41,3 працэнта.

Гэта адбылося перадусім у выніку рэзкага скарачэння колькасці манахаў, якое было больш заўважным у параўнанні з дыяцэзіяльнымі святарамі. Азія і Афрыка, наадварот, падняліся вышэй, дасягнуўшы 25,7 працэнта ад агульнай колькасці духавенства ў свеце. Амерыка застаецца на ранейшай пазіцыі з прыблізна 30 працэнтамі святароў, няма зменаў і ў Акіяніі з 1,1 працэнта.

Адным з фактараў, якім тлумачыцца такі працэс, з’яўляецца тое, што ў 2013–2018 гг. колькасць памерлых святароў была прыблізна на 4 тыс. менш за колькасць святарскіх пасвячэнняў. У Еўропе, дзе сярэдні ўзрост духавенства заўважна больш высокі, колькасць памерлых святароў перавысіла колькасць пасвячэнняў амаль на 15 тыс. Гэта ўраўнаважваецца адваротнай тэндэнцыяй у Азіі, а асабліва ў Афрыцы, дзе сярэдні ўзрост святароў таксама ніжэй.

Акрамя таго, можна заўважыць, што з цягам часу ў свеце павялічыўся працэнт смяротнасці святароў.

Аднак узрост, у якім яны паміраюць, вельмі розны ў розных рэгіёнах. За разгляданы перыяд можна заўважыць, што ў Афрыцы, Цэнтральнай Амерыцы і Паўднёва-Усходняй Азіі колькасць памерлых святароў стала большай.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа