Пошук

17.11.2020 14:39   Паводле: КАІ / Пераклад: Анастасія Грышан / Catholic.by
Ілюстрацыйнае фота

Пандэмія каранавірусу не перашкодзіла запальванню Бэтлеемскага агню міру, якое здзяйсняецца ўжо шмат гадоў. Ініцыятар гэтай традыцыі, радыё ORF у Верхняй Аўстрыі, паведаміла, што агонь з Бэтлеемскага гроту ўжо загарэўся.

Як паведамляе Каталіцкае інфармацыйнае агенцтва КАІ, строгія прадпісанні, звязаныя з пандэміяй, закрыццё межаў і касцёлаў зрабілі сёлетнюю цырымонію крыху іншай, чым у мінулыя гады.

З 1986 г. агонь ад алейнай лямпы, якая вісіць у Бэтлеемскім гроце над срэбнай зоркай, што адзначае месца нараджэння Езуса, у Верхняй Аўстрыі запальвала дзіця, якое вылучалася не толькі добрай вучобай, але і грамадскай актыўнасцю.

Паколькі сёлета ўмовы не дазволілі наведаць Святую Зямлю дзіцяці з Аўстрыі, агонь запаліла дзевяцігадовая палестынка Марыя Хоўры з Бэтлеема.

Дзяўчынка, якая паходзіць з хрысціянскай сям'і, прыняла гэтае заданне з радасцю. «Мая сям’я і я ганарымся, што сталі часткай гэтай прыгожай каляднай традыцыі», — сказала яна.

Бэтлеемскі агонь на самалёце быў дастаўлены ў Аўстрыю. 16 лістапада ў студыі радыё ORF у Лінцы яго прывіталі кіраўнік федэральнай зямлі Верхняй Аўстрыі Томас Штэльцэр і рэгіянальны дырэктар ORF Курт Рамершторфен. «У гэтым годзе, у часы, поўныя выклікаў, агонь міру будзе не толькі важным сімвалам Божага Нараджэння, але найперш знакам веры і супольнасці», — адзначыў Штэльцэр.

Пакуль невядома, якім чынам «знак міру з Бэтлеема» будзе сёлета рассылацца далей: у розныя месцы Аўстрыі, у іншыя краіны Еўропы, ЗША і краіны Лацінскай Амерыкі. Шмат гадоў агонь міру заносілася таксама ў шпіталі, школы, дамы састарэлых, касцёлы і розныя арганізацыі.

Упершыню Бэтлеемскі агонь міру быў запалены ў 1986 годзе па ініцыятыве радыё ORF.

Ідэю падала аўстрыйская мастачка Ада Брандштэтэр, якая тады ж прапанавала, каб у вігілію Божага Нараджэння радыё падзякавала з дапамогай гэтага агню спонсарам, якія ўдзельнічалі ў папулярнай шмат гадоў у Аўстрыі акцыі дапамогі сляпым «Святло ў цемры». Так нарадзілася задума агню міру з Бэтлеема, што сёння з’яўляецца ўжо неад’емным калядным звычаем у больш чым 30 краінах.

Абноўлена 18.11.2020 09:53
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.