Большасць амерыканскіх СМІ, у тым ліку ўсе каталіцкія, звяртаюць увагу на красамоўную фразу з прамовы Джозэфа Байдэна 7 лістапада ва Уілмінгтане, дзе выбраны прэзідэнт сказаў, што аб’яднаная Амерыка павінна ўзносіцца да новых вышыняў «на крылах арла».
Акрамя таго, што арол — гэта амерыканскі нацыянальны сімвал, такая фраза гучыць таксама ў самым папулярным каталіцкім гімне On the Eagle’s Wings («На крылах арла»), які спяваюць у касцёлах па ўсёй Амерыцы. Як адзначае Каталіцкае інфармацыйнае агенцтва КАІ, многія ўспрынялі гэта як спасылку на каталіцкае веравызнанне выбранага прэзідэнта.
Некаторыя спевакі ўжо прысвячаюць сваё выкананне спеву «На крылах арла» 46-у прэзідэнту ЗША.
Гімн спяваюць падчас нядзельных святых Імшаў у большасці каталіцкіх святыняў Злучаных Штатаў.