Пошук

04.11.2020 15:30   Паводле: Vatican News
Ілюстрацыйнае фота: Wikimedia Commons

Французскія біскупы назвалі пастанову ўрада аб поўнай забароне літургіі з удзелам вернікаў, якое ўступіла ў сілу 3 лістапада, непрапарцыйным крокам, які парушае свабоду веравызнання.

Як паведамляе беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, старшыня епіскапату абскардзіў гэтае рашэнне ў Дзяржаўнай радзе, якая ў французскім прававым парадку разглядае ўсе законапраекты і ўрадавыя пастановы.

Арцыбіскуп Эрык дэ Мулен-Бафор пракансультаваўся па гэтым пытанні з усімі французскімі біскупамі. Было аднагалосна падкрэслена, што рашэнне ўладаў падрывае свабоду веравызнання, якая з’яўляецца адной з асноўных свабод у краіне і не падлягае абмеркаванню.

Было адзначана, што поўная забарона на цэлебрацыю Эўхарыстыі з удзелам вернікаў несувымерная з мэтай аховы здароўя, тым больш што ва ўсіх святынях былі прыняты надзвычайныя санітарныя абмежаванні і яны старанна выконваліся.

Старшыня Канферэнцыі Біскупаў нагадаў, што няма ніякіх доказаў таго, што культавыя ўстановы з’яўляюцца месцамі большай небяспекі заражэння, чым, напрыклад, камерцыйныя.

Vatican News дадае, што вернікі вітаюць рэакцыю епіскапату і паней шмат іерархаў, прадстаўнікоў каталіцкіх рухаў і супольнасцяў выказваліся супраць гэтых драконаўскіх абмежаванняў. Французскія католікі адмаўляюцца пакідаць касцёлы, у якія прыходзяць, асабліва ў цяжкі час пандэміі, каб знайсці суцяшэнне і надзею. Яны звяртаюць увагу на тое, што рашэнне ўладаў прыйшлося на асабліва цяжкі час для хрысціян, калі яны пераследуюцца ісламістамі. Маецца на ўвазе напад на катэдру ў Ніцы, дзе былі закатаваны тры чалавекі толькі таму, што прыйшлі на малітву.

Арцыбіскуп дэ Мулен-Бафор адзначыў, што клопат пра фізічнае здароўе не можа адключыць людзей ад духоўнай дапамогі, што ў цяперашняй сітуацыі мае прынцыповае значэнне.

Зварот Канферэнцыі Біскупаў Францыі да Дзяржаўнай рады павінен быць разгледжаны ў канцы тыдня. Рада з’яўляецца вышэйшым органам у адміністрацыйнай судовай сістэме. Яе рашэнні адыгрываюць велізарную ролю ў сістэмнай практыцы.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.