Пошук

25.09.2020 19:46   Паводле: Vatican News / Пераклад і адаптацыя: Анастасія Грышан / Catholic.by
Photo Flickr / Dougie O’Brien

У праваслаўным манастыры Абуна Гарыма на поўначы Эфіопіі знаходзяцца найстарэйшыя ілюстраваныя пераклады Евангелля. Лічылася, што яны датаваліся XI стагоддзем, аднак нядаўнія даследаванні адсунулі час іх стварэння яшчэ на шэсць стагоддзяў.

Як паведамляе польская рэдакцыя парталу Vatican News, манастыр быў заснаваны, верагодна, каля VI стагоддзя, шмат разоў спальваўся і адбудоваўся. Рукапісы складаюцца з двух ілюстраваных кодэксаў, якія змяшчаюць чатыры Евангеллі і напісаны на класічнай эфіопскай мове.

Спецыяліст у галіне старажытнай Эфіопіі а. Рафал Зарэчны SI распавёў Ватыканскаму радыё, што ў апошнія гады былі праведзены радыевугляродныя даследаванні гэтых рукапісаў. Даследаванні, па яго словах, паказалі, што матэрыял, верагодна, адносіцца да канца IV або пачатку V стагоддзя.

Кодэксы багата ўпрыгожаны.

У іх знаходзяцца выявы чатырох евангелістаў, а таксама шмат іншых ілюстрацый і арнаментаў.

Як адзначыў а. Рафал Зарэчны, «гэтыя рукапісы мы ведаем з 70-х гадоў, таму яны не з'яўляюцца новай сенсацыяй, але важныя для нас з-за крытыкі тэксту Святога Пісання, перакладзенага на класічную эфіопскую мову».

«Іх прысутнасць у гэтых манастырах у такі ранні перыяд перш за ўсё пацвярджае распаўсюджанне хрысціянскай цывілізацыі ў Афрыцы ўжо ў старажытнасці. Важна адзначыць, што і мадэлі перакладу Святога Пісання, і яго ўпрыгажэнні свабодна вандруюць па старажытным свеце, значна больш, чым магло здацца нам сёння, мяркуючы выключна ў кантэксце Міжземнамор'я», — сказаў ён.

Абноўлена 25.09.2020 19:47
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа