Пошук

22.09.2020 13:27   Паводле: КАІ / Пераклад і адаптацыя: Анастасія Грышан / Catholic.by
Ілюстрацыйная выява: Pixabay

На думку Кангрэгацыі Веравучэння, адрозненні ў разуменні Эўхарыстыі і касцёльнага служэння «яшчэ такія істотныя», што ў дадзены час інтэркамунія паміж католікамі і пратэстантамі выключаная.

Як паведамляе КАІ, у пасланні Кангрэгацыі Веравучэння да старшыні епіскапату Германіі біскупа Георга Бетцынга гаворыцца, што няма і падставаў для «індывідуальнага рашэння сумлення». Да паслання далучана тэалагічнае тлумачэнне, якое крытычна аналізуе асобныя пункты дакумента Экуменічнай працоўнай групы каталіцкіх і пратэстанцкіх тэолагаў.

Такім чынам Кангрэгацыя выказала заклапочанасць супольным дакументам Экуменічнай працоўнай групы, які датычыць інтэркамуніі католікаў і пратэстантаў.

Апублікаваны ў верасні 2019 г. тэкст пад назвай «Разам пры Панскім стале», які падпісаў між іншым біскуп Бетцынг, павінен быў зламаць шматгадовую «блакаду». Нядаўна біскуп сказаў, што гэтая мадэль будзе выкарыстана на Экуменічным з’ездзе Цэркваў у наступным годзе.

Пасланне, адрасаванае старшыні епіскапату Германіі, падпісалі прэфект Кангрэгацыі кардынал Луіс Ладарыя Фэрэр і сакратар арцыбіскуп Джакомо Марандзі. На іх думку, нямецкі дакумент «недастатковым чынам тлумачыць» пытанне «каталіцкага разумення Касцёла, Эўхарыстыі і служэння». Адзначаецца, што сёння адкрыццё на эўхарыстычную супольнасць з пратэстантамі ў Германіі стварыла б «непазбежна новыя перашкоды ў экуменічным дыялогу з Праваслаўнай Царквой» па-за межамі краіны.

Кангрэгацыя лічыць, што недаацэнены «адносіны паміж Эўхарыстыяй і Касцёлам». Таксама, як сказана ў дакуменце, не былі дастаткова ацэнены «істотныя і неабходныя тэалагічныя сцвярджэнні» Другога Ватыканскага Сабору і супольная традыцыя з праваслаўем, не знайшло выразу разуменне Эўхарыстыі і служэння, якое не раз выражалася на міжнародных форумах каталіцка-лютэранскага дыялогу.

У пасланні адзначаецца, што Канферэнцыя Біскупаў Германіі сама бачыць «неабходнасць тэалагічнага паглыблення некаторых прынцыповых тэм, такіх, як пытанне праўдзівай прысутнасці Езуса і паняцце ахвяры Эўхарыстыі».

Да гэтага, як дадаецца, маюць дачыненне пытанні пасвячэння і сувязь паміж хростам, Эўхарыстыяй і супольнасцю Касцёла.

Кангрэгацыя Веравучэння тлумачыць, што занялася гэтай справай пасля таго, як у маі атрымала ад Кангрэгацыі па справах Біскупаў просьбу ацаніць тэкст «Разам пры Панскім стале». Раней пазіцыю Экуменічнай працоўнай групы абмеркавалі нямецкія каталіцкія біскупы на пленарным пасяджэнні вясной гэтага года і Камісія па справах экуменізму нямецкага епіскапату.

Прэс-сакратар Канферэнцыі Біскупаў Германіі Матыяс Коп паведаміў, што пасланне з Ватыкана будзе прадметам абмеркавання на восеньскім пленарным пасяджэнні епіскапату на наступным тыдні.

Абноўлена 22.09.2020 13:31
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа