17 верасня ў многіх мясцінах у Польшчы маліліся за палеглых у выніку савецкага тэрору.
Як паведамляе Каталіцкае інфармацыйнае агенцтва КАІ, у Варшаве цэлебрацыю святой Імшы ў гэтай інтэнцыі ўзначаліў ксёндз капелан Пётр Замар’я. У прамоўленай падчас Эўхарыстыі гаміліі святар узгадаў ксяндза прэлата Здзіслава Пэшкоўскага, аднаго з тых, хто цудам выжыў у Катынскай трагедыі і пасля гэтага заклікаў да прабачэння.
«Якое пасланне нясе Усходняя Галгофа? Што мы можам зрабіць, каб гэтая ахвяра не была бессэнсоўнай і дарэмнай? Чатыры рэчы, пра якія казаў ксёндз Пэшкоўскі: праўда, памяць, справядлівасць і прабачэнне. Трэба канчаткова высветліць і абвясціць свету праўду пра тыя падзеі. Памятаць пра герояў трагедыі і перадаць гэтую памяць наступным пакаленням. Па-трэцяе, злачынства павінна быць асуджана, бо гэтага патрабуе справядлівасць чалавечая і Божая. Па-чацвёртае: прабачыць.
Веліч нашага прабачэння тым вышэй, чым больш мы ведаем пра тое, што адбылося», — сцвердзіў капелан.
Ён дадаў, што будаўніцтва міру і братэрства павінна быць упісана ў нашу штодзённасць і ў адносіны з іншымі людзьмі.
З гісторыі мы ведаем, што ўз’яднанне народаў Беларусі і Украіны ў 1939 годзе адбывалася па крывавым сцэнарыі. Савецкія войскі занялі тэрыторыю Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны, дзе адразу быў развязаны тэрор супраць нязгодных і іншадумцаў.
Адразу былі арыштаваныя каля 200 тыс. чалавек. Усталёўваючы на гэтых землях сваю ўладу, савецкія карныя органы вывезлі адсюль у Сібір каля 1 млн 350 тыс. чалавек. Каля 22,5 тыс. афіцэраў, паліцэйскіх і чыноўнікаў, якія служылі пры польскай уладзе, былі забітыя. Месца пахавання больш за 7 тысяч з іх застаецца невядомым да сённяшняга дня.