Пошук

17.09.2020 15:57   Паводле: ccee.eu / Падрыхтаваў: Мікола Гракаў / Catholic.by
Пленарнае пасяджэнне РБКЕ у МІнску, 2017 г. Фота: laityfamilylife.va

Запланаванае на 25–27 верасня ў Празе пленарнае пасяджэнне Рады Канферэнцый Біскупаў Еўропы (РКБЕ) было адменена. Замест яго кіраўнікі еўрапейскіх епіскапатаў сустрэнуцца ў рэжыме анлайн-канферэнцыі.

У апублікаваным 17 верасня на партале РКБЕ паведамленні сказана, што рост штодзённых выпадкаў заражэння вірусам COVID-19 моцна ўскладняе прыезд удзельнікаў пасяджэння ў чэшскую сталіцу. Гэта звязана з тым, што ў многіх еўрапейскіх краінах зноў уводзяцца карантынныя абмежаванні ў адносінах да тых, хто вяртаецца з Чэхіі, а многія авіякампаніі адмяняюць палёты ў Прагу.

Узяўшы пад увагу санітарныя захады мясцовых уладаў, а таксама пасля кансультацыі з Канферэнцыяй Каталіцкіх Біскупаў Чэхіі і Пражскай архідыяцэзіяй, Прэзідыум РКБЕ палічыў мэтазгодным адмяніць сустрэчу ў раней прызначаны тэрмін і запрасіць усіх членаў Рады ўзяць удзел у пленарным пасяджэнні ў форме анлайн-канферэнцыі, якая пройдзе 25–26 верасня ў адпаведнасці з пададзенай праграмай.

Сустрэча РКБЕ у новым фармаце будзе прысвечана раней вызначанай тэме «Касцёл у Еўропе пасля пандэміі».

Пасяджэнне распачнецца 25 верасня ў 16.00 па сярэднееўрапейскім часе. Пасля прачытання паслання ад Папы Францішка з прывітальным словам да ўдзельнікаў звернецца прэфект Кангрэгацыі па справах Біскупаў кардынал Марк Уэлле, а Старшыня РКБЕ кардынал Анджэло Баньяска зробіць уводзіны ў тэматыку пасяджэння.

Яно будзе складацца з трох працоўных сесій і завершыцца ў суботу ўвечары супольнай малітвай удзельнікаў.

Тры гады таму па запрашэнні Старшыні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча месцам сустрэчы РКБЕ стаў Мінск.

Абноўлена 17.09.2020 16:20
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа