16 верасня Антэ Ёзіч, тытулярны арцыбіскуп Цысы, прызначаны Апостальскім нунцыем у Беларусь, прыме біскупскае пасвячэнне ў нядаўна пабудаваным касцёле Святой Сям’і санктуарыя Маці Божай Астраўной у Соліне (Харватыя).
Як паведаміла харвацкая рэдакцыя парталу Vatican News, сакрамэнт пасвячэння ў ступені епіскапату Антэ Ёзічу ўдзеліць Дзяржаўны Сакратар Яго Святасці Папы Францішка кардынал П’етро Паралін падчас урачыстай святой Імшы, якая распачнецца ў 10.00.
Антэ Ёзіч нарадзіўся 16 студзеня 1967 г. у горадзе Трыль (Харватыя). Прэзбітэрскае пасвячэнне прыняў 28 чэрвеня 1992 г. як святар Спліт-Макарскай архідыяцэзіі. У 1995 г. пачаў рыхтавацца да дыпламатычнай службы ў Папскай дыпламатычнай акадэміі. З 1999 г. працаваў у Апостальскай нунцыятуры ў Індыі. З 2003 г. па 2009 г. быў сакратаром нунцыятуры ў Расіі. У 2009 г. стаў дарадцам нунцыятуры на Філіпінах.
2 лютага 2019 г. Папа прызначыў кс. Антэ Ёзіча Апостальскім нунцыем у Кот-д’Івуары і тытулярным арцыбіскупам Цысы.
Біскупскае пасвячэнне яму павінен быў удзяліць 1 мая 2019 г. кардынал Дзяржсакратар П’етро Паралін. Аднак 7 красавіка 2019 г. арцыбіскуп-намінат трапіў у аўтамабільную аварыю каля Спліта, пасля якой апынуўся ў шпіталі ў крытычным стане.
21 мая Папа Францішак прызначыў Антэ Ёзіча Апостальскім нунцыем у Беларусі.
Яго біскупскае пасвячэнне павінна было адбыцца ў сакавіку, але з-за пандэміі каранавірусу зноў было перанесена на пазнейшы час.