Да малітвы за перамогу міру і справядлівасці ў Беларусі заклікаў ад імя епіскапату ЗША, вернікаў і ўсіх людзей добрай волі старшыня Камісіі справядлівасці і міру ў свеце біскуп Дэвід Джон Мэлой.
Як паведамляе беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, іерарх нагадаў, што пасля выбараў, якія прайшлі ў краіне 9 жніўня, вялікая колькасць мірных дэманстрантаў выйшла на вуліцы, ставячы пад сумнеў іх афіцыйныя вынікі. З боку ўладаў адбываліся акты гвалту, масавыя арышты і запалохванне. Сітуацыя застаецца напружанай і пасля чатырох тыдняў пратэстаў. Мясцовы Касцёл асудзіў гвалт і неаднаразова заклікаў да малітвы, пакаяння і канструктыўнага дыялогу.
Старшыня Камісіі справядлівасці і міру працытаваў словы Святога Айца, які 16 жніўня заклікаў паважаць правы ўсіх грамадзян Беларусі, весці дыялог, адмовіцца ад гвалту і паважаць справядлівасць і мір.
«Малюся аб міры і справядлівасці для Беларусі. Заклікаю паважаць правы чалавека ўсіх грамадзян. (...) Запрашаю ўсіх католікаў і людзей добрай волі далучыцца да Папы ў яго малітвах аб міры і справядлівасці ў Беларусі», — напісаў прадстаўнік епіскапату Злучаных Штатаў.