Пошук

04.09.2020 13:53   Паводле: Vatican News / Пераклад і адаптацыя: Анастасія Грышан / Catholic.by
Ілюстрацыйнае фота: Daily Express

Па інфармацыі міжнароднай арганізацыі Open Doors, якая займаецца даследаваннем сітуацыі хрысціян у свеце, у некаторых краінах Азіі, дзе пераважае будысцкае насельніцтва, узмацняецца хрысціянскі астракізм, усё часцей здараюцца выпадкі адкрытага пераследу.

Як паведамляе польская рэдакцыя парталу Vatican News, арганізацыя адзначае, што сітуацыя хрысціян пагаршаецца ў такіх краінах, як Лаос, М’янма, Бутан і Шры-Ланка.

Найбольш распаўсюджаным з абвінавачванняў у адрас хрысціян з’яўляецца тое, што яны шкодзяць грамадскай гармоніі і знішчаюць культуру дадзенай краіны.

Наступствам гэтага, як кажа пастар з Бутана, які супрацоўнічае з Open Doors, становіцца высяленне хрысціянскіх сем’яў з вёсак, дзе сярод насельніцтва пераважаюць будысты, каб хрысціянскія звычаі не раздражнялі іх бостваў. У краінах, дзе ўмацоўваецца будысцкі нацыяналізм, вызнаўцы Хрыста ўспрымаюцца як знішчальнікі народнай ідэнтычнасці і культуры.

Адзначаецца, што ўсё гэта ўплывае на штодзённае жыццё хрысціян, іх маргіналізуюць і выключаюць з лакальнага грамадства. Дыскрымінацыя праяўляецца, між іншым, у тым, што будысты не хочуць купляць у хрысціян, напрыклад, драўнінны вугаль ці дровы. «Калі мы не прададзім гэтых прадуктаў, у нас не будзе грошай, каб купіць рыс і ўтрымліваць сем’і», — кажа пастар з М’янмы.

Па яго словах, у асабліва цяжкай сітуацыі знаходзяцца былыя будысты, якія навярнуліся ў хрысціянства.

«Бывае, што іх арыштоўваюць і ім пагражаюць улады, уласныя сем’і іх адштурхоўваюць, з імі разрываюць усе кантакты, а таксама сем’і пазбаўляюць сваіх дзяцей, якія навярнуліся ў хрысціянства, спадчыны», — дадае пастар.

Нягледзячы на гэтыя цяжкасці, Касцёл у Лаосе, М’янме, Бутане і Шры-Ланцы працягвае існаваць і расці, уносячы евангельскае пасланне ў будысцкі свет.

Абноўлена 04.09.2020 13:57
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа