«Католікі і будысты пакліканы працаваць разам, каб залячыць раны народа М’янмы», — падкрэсліў папа Францішак 29 лістапада падчас візіту ў гэту азіяцкую краіну.
У ходзе сустрэчы з членамі Вышэйшага камітэта будысцкіх манахаў Пантыфік пажадаў, каб у адносінах паміж вызнаўцамі розных рэлігій былі пераадолены ўсе формы непаразумення і неталерантнасці, усе забабоны і нянавісць.
Сустрэча адбылася ў кангрэс-цэнтры на тэрыторыі Каба Эй Пагады, аднаго з самых вядомых будысцкіх храмаў у Паўднёва-Усходняй Азіі, узведзенага ў 1952 г. Велізарны залаты купал гэтай святыні трымаецца на шасці калонах, якія сімвалізуюць шэсць будысцкіх кангрэсаў, апошні з якіх прайшоў тут у 1954-1956 гг.
Пры ўваходзе ў храм Святы Айцец зняў абутак, чаго патрабуюць мясцовыя традыцыі. З аднаго боку кангрэс-цэнтра, на драўляных крэслах, селі манахі, а з іншага — Папа і асобы, якія яго суправаджалі. Пасля прывітальнага слова старшыні Вышэйшага камітэта Пантыфік звярнуўся да прысутных з прамовай.
Папа Францішак назваў сустрэчу магчымасцю для пацвярджэння гатоўнасці працаваць на карысць міру і справядлівасці, а таксама годнасці кожнага чалавека. Не толькі ў М’янме, але і ва ўсім свеце людзі маюць патрэбу ў гэтым супольным сведчанні рэлігійных лідараў, перакананы Папа. Святы Айцец узгадаў пра несправядлівасць і канфлікты, якія ў наш час здаюцца асабліва цяжкімі, і заклікаў не трапляць у роспач перад іх абліччам, але ісці «шляхам да аздараўлення, узаемаразумення і павагі. Шляхам, які грунтуецца на спачуванні і любові».
Пантыфік выказаў павагу ўсім грамадзянам М’янмы, якія жывуць паводле рэлігійных традыцый будызму, уласцівых яму каштоўнасцяў цярплівасці, талерантнасці і павагі да жыцця, а таксама духоўнасцю, у якой прысутнічае глыбокая павага да навакольнага асяроддзя.
«Як мы ведаем, гэтыя каштоўнасці — фундаментальныя для ўсебаковага развіцця грамадства», — сказаў папа Францішак.
Пантыфік пажадаў, каб паміж рэлігійнымі лідарамі існавала большае супрацоўніцтва ў сферы «аздараўлення ранаў» грамадства М’янмы, і запэўніў будысцкіх манахаў у тым, што Каталіцкі Касцёл з’яўляецца адкрытым для падобнага ўзаемадзеяння партнёрам.