Пошук

18.08.2020 16:05   Catholic.by
В.а. Старшыні Канферэнцыі Рыма-Каталіцкіх Біскупаў Украіны арцыбіскуп Мечыслаў Макшыцкі. Фота: deuspater.pp.ua

16 жніўня Канферэнцыя Рыма-каталіцкіх Біскупаў Украіны выказала словы падтрымкі і малітоўнай еднасці з беларускім народам.

У лісце на імя Старшыні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча каталіцкія іерархі братняй краіны пішуць:

«Рыма-Каталіцкі Касцёл ва Украіне яднаецца з беларускім народам і з усімі, хто шукае праўду, а таксама моліцца аб салідарнасці, або аб зразуменні чаканняў, за якія змагаюцца людзі. Да гэтага нас запрашае святы апостал Павел, які ў Пасланні да Галатаў заахвочвае вернікаў: „Насіце цяжары адзін аднаго“ (Гал 6, 2). Мы не можам застацца абыякавымі да лёсу пацярпелых толькі за тое, што яны жадаюць лепшага жыцця.

Мы разумеем, наколькі ў такія моманты неабходная салідарнасць паміж людзьмі.

Таму мы распачынаем шлях малітоўнай падтрымкі, просячы Бога, каб усе цяжкасці, якія ўзніклі, удалося пераадолець шляхам мірнага дыялогу. Разам з тым мы заклікаем і просім, каб ніхто не падымаў руку на свайго бліжняга, бо, як паказвае вопыт, такія рашэнні не вядуць да адзінства, а, наадварот, спрыяюць эскалацыі зла», — сказана ў лісце, які падпісаў выконваючы абавязкі Старшыні Канферэнцыі Рыма-Каталіцкіх Біскупаў Украіны арцыбіскуп Мечыслаў Макшыцкі, Мітрапаліт Львоўскі.

Іерархі суседняй краіны выказваюць свой клопат пра беларускі народ і просяць аб міры для беларускага народа, заснаваным на праўдзе, справядлівасці і згодзе.

Раней словы падтрымкі беларускаму народу ад імя епіскапату, духавенства і вернікаў Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы выказаў таксама Першавярхоўны арцыбіскуп Святаслаў Шаўчук.

Абноўлена 24.09.2020 14:10
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.