Пошук

14.08.2020 16:10   Паводле: News.ugcc.ua / Падрыхтаваў: Мікола Гракаў / Catholic.by
Фота: News.ugcc.ua

14 жніўня Першавярхоўны арцыбіскуп Святаслаў Шаўчук ад імя епіскапату, духавенства і вернікаў Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы выказаў словы падтрымкі беларускаму народу і заклікаў да малітвы за Беларусь.

З гэтай нагоды ён скіраваў ліст, адрасаваны Мітрапаліту Мінска-Магілёўскаму арцыбіскупу Тадэвушу Кандрусевічу і Апостальскаму візітататру для беларускіх грэка-католікаў архімандрыту Сяргею Гаеку.

У ім Першавярхоўны арцыбіскуп Святаслаў выказаў словы братняй салідарнасці і малітоўнай блізкасці епіскапату і духавенству Рыма-Каталіцкага Касцёла і Грэка-Каталіцкай Царквы ў Беларусі, кансэкраваным асобам, усім братам і сёстрам у Хрысце і ўсяму беларускаму народу, які змагаецца за свае правы і свабоды ў абарону свайго волевыяўлення, сацыяльнай справядлівасці і чалавечай годнасці.

Разам з тым першаіерарх заклікаў усіх грэка-католікаў Украіны да штодзённай малітвы ў 21.00 за беларускі народ.

Найвышэйшы пастыр УГКЦ запэўніў каталіцкіх іерархаў Беларусі ў малітве аб спыненні насілля, ўсталявання справядлівасці, міру, агульнага паразумення і згоды.

«Мы верым, што Пан Бог, адзіны Валадар чалавечай гісторыі, нябачна прысутнічае на вуліцах і плошчах Беларусі, каб даць гэтаму пакутнаму народу сваю блізкасць і сваё збаўленнне», — піша Першавярхоўны арцыбіскуп Святаслаў.

«Усведамляючы вялікую небяспеку цяперашніх падзей, мы молімся і аб абароне Беларусі ад знешніх супраціўных сіл, за захаванне адзінства беларускага народа, а таксама незалежнасці і тэрытарыяльнай цэласнасці беларускай дзяржавы. Мы падзяляем з усімі вамі нашую веру і моцную ўпэўненасць у тым, што нашыя малітвы будуць пачутыя», — дадаў Першавярхоўны арцыбіскуп Святаслаў.

Абноўлена 24.09.2020 14:14
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця