Пошук

31.07.2020 16:53   Паводле: Vatican News / Пераклад і адаптацыя: Анастасія Грышан / Catholic.by
Фота Twitter

З нагоды свята Курбан-байрам, які сёлета адзначаецца 31 ліпеня, каталіцкія біскупы Францыі звярнуліся з прывітальным пасланнем да мусульманаў краіны.

Як паведамляе руская рэдакцыя парталу Vatican News, у дакуменце адзначаецца, што пакуты, выкліканыя пандэміяй каранавірусу, зблізілі каталіцкі і ісламскі свет.

«Верaчы ў Адзінага Бога, мы павінны былі сумясціць практыку нашых веравызнанняў з усеагульнымі грамадскімі дзеяннямі дзеля абароны дабра і жыцця ўсіх,

— гаворыцца ў пасланні. — Ва ўмовах самаізаляцыі мы павінны былі многае пераасэнсаваць, каб працягваць жыць ключавымі момантамі нашай духоўнасці: прабываць з Богам у малітве, удзяляць асаблівую ўвагу бліжнім праз слуханне, узаемадапамогу, салідарнасць і клопат, а таксама падтрымліваць жыццё ва ўсіх яго формах».

Французскія біскупы з горыччу ўзгадваюць пра гібель многіх людзей, заражаных вірусам COVID-19, і выказваюць падзяку «тым, хто прыклаў велізарныя намаганні ў духу самаадданасці і альтруізму: урачам, медсёстрам, кіроўцам хуткай дапамогі, уладальнікам крамаў, настаўнікам, муніцыпальным служачым». Але нават у такім складаным кантэксце, адзначаецца ў дакуменце, «мы знайшлі новыя і цудоўныя спосабы зносінаў адзін з адным падчас вялікіх рэлігійных святаў — хрысціянскіх, мусульманскіх і юдэйскіх», прысвячаючы таксама больш часу чытанню і разважанням над святымі кнігамі.

Цяпер, калі вернікі вяртаюцца да паўнавартасных набажэнстваў, Касцёл у Францыі спадзяецца «працягваць працэс, распачаты ў перыяд каранціну сумесна з лідарамі розных рэлігійных традыцый у Францыі, каб разам з усімі суграмадзянамі пераадолець каранавірусную пандэмію».

У канцы паслання іерархі ўзносяць малітву Усемагутнаму Богу, каб Ён захоўваў усіх у адзінай надзеі на працяг зямнога пілігрымавання і каб кожны дзень усе вернікі рабілі гэты шлях больш братэрскім і салідарным.

«Шчаслівага свята Курбан-байрам! Няхай благаславіць Бог усіх вас, вашы сем'і і вашы супольнасці», — такімі словамі завяршаюць дакумент французскія біскупы.

Абноўлена 31.07.2020 19:25
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця