Беатыфікацыя заснавальніка касцёльнай супольнасці «Рыцары Калумба» ксяндза Майкла Мак-Гіўні адбудзецца 31 кастрычніка ў катэдры Хартфарда (штат Канектыкут).
Як паведамляе Каталіцкае інфармацыйнае агенцтва КАІ, на тэрыторыі мясцовай дыяцэзіі ў Нью-Хэйвене ў 1882 годзе была створана гэтая самая вялікая ў свеце каталіцкая арганізацыя, што аб’ядноўвае выключна мужчын. Сёння ў яе шэрагах каля 1,9 млн членаў.
Майкл Мак-Гіўні нарадзіўся 12 жніўня 1852 года ў Канэкцікуце ў сям’і ірландскіх імігрантаў. Ён быў старэйшым сынам з трынаццаці дзяцей у сям’і, шасцёра з якіх памерлі ў маленстве. Яго бацька працаваў фармоўшчыкам.
Майкл вучыўся ў школе, але ў 13-гадовым узросце кінуў вучобу і пайшоў працаваць драбільшчыкам на фабрыку па вырабу латуні.
У 16 гадоў паступіў у семінарыю і ў 1877 годзе прыняў святарскае пасвячэнне ў Балтымары, у найстарэйшай каталіцкай катэдры ў ЗША. Быў скіраваны на служэнне ў касцёле Найсвяцейшай Панны Марыі ў Нью-Хэйвене, дзе замяніў хворага пробашча парафіі.
У адказ на праблему высокай смяротнасці сярод мужчын, якія выконвалі небяспечную працу, моцныя антыкаталіцкія стэрэатыпы амерыканскага грамадства, а таксама паўсюдную беднасць сярод католікаў ксёндз Мак-Гіўні ў 1882 годзе разам са сваімі парафіянамі заснаваў мужчынскую супольнасць «Рыцараў Калумба» — арганізацыю свецкіх католікаў, якія жадалі паглыбляць сваю веру, дапамагаць адзін аднаму і дзейнічаць дзеля дабра каталіцкіх сем’яў.
Акрамя душпастырскай апекі над вернікамі сваёй парафіі, ксёндз Майкл Мак-Гіўні працаваў з мясцовай моладдзю, служыў у вязніцы і рашуча заахвочваў да ўстрымання ад алкаголю, распаўсюджваючы культуру і папулярызуючы спорт.
Руплівы святар памёр 14 жніўня 1890 года ва ўзросце 38-і гадоў, пакінуўшы пасля сябе моцную шасцітысячную арганізацыю «Рыцараў Калумба».
Сёння гэтая міжнародная касцёльная супольнасць дзейнічае ў больш як дзесяці краінах і налічвае ў сваіх шэрагах каля 1,9 млн удзельнікаў. Хоць «Рыцары Калумба» — свецкая арганізацыя, да яе належаць таксама некаторыя духоўныя асобы, напрыклад, асабісты сакратар святога Папы Яна Паўла ІІ кардынал Станіслаў Дзівіш. Прынцыпы, на якіх будуецца супольнасць і адбываецца фармацыя яе ўдзельнікаў, — гэта міласэрнасць, адзінства, братэрства і патрыятызм.
Беатыфікацыйны працэс Слугі Божага ксяндза Майкла Мак-Гіўні быў распачаты ў 1996 годзе. 15 сакавіка 2008 года Папа Бэнэдыкт XVI зацвердзіў дэкрэт аб гераічнасці цнотаў Слугі Божага, а 27 мая Папа Францішак пацвердзіў цуд, які адбыўся праз яго заступніцтва, што дало магчымасць абвясціць ксяндза Майкла Мак-Гіўні благаслаўлёным.
Праз заступніцтва Слугі Божага ў 2015 годзе ў ЗША адбылося цудоўнае аздараўленне ненароджанага немаўляці, у якога была дыягнаставана агульная вадзянка, што пагражала жыццю. Сёння гэтаму дзіцяці ўжо споўнілася пяць гадоў.
Ксёндз Майкл Мак-Гіўні стане першым беатыфікаваным амерыканскім пробашчам.
Яго таксама можна лічыць ахвяраю эпідэміі, паколькі ён памёр ад ускладненняў пасля пнеўманіі, выкліканай выбухам вірусу грыпу, які тады называлі «рускім».
Першым святым «Рыцарам Калумба» стаў біскуп дыяцэзіі Веракрус у Мексіцы Рафаэль Гісар Валенсія, беатыфікаваны ў 1995 годзе і кананізаваны ў 2006 годзе.