Пошук

30.07.2020 10:58   Паводле: Vatican News / Пераклад і адаптацыя: Мікола Гракаў / Catholic.by
Фота: Défends Ton Eglise / Facebook

У Францыі ўсё часцей здараюцца напады на касцёлы і блюзнерчыя дзеянні ў адносінах да святых месцаў і аб’ектаў культу.

Як паведаміла польская рэдакцыя парталу Vatican News, двое маладых французскіх католікаў, Гацье і Гіём, вырашылі дзейнічаць. Разам з сябрамі яны пачалі чуваць па начах перад святынямі, каб абараніць іх ад патэнцыяльных агрэсараў. З цягам часу да іх далучаліся іншыя. Так узнік рух Protège ton église — «Абарані свой касцёл», які аб’яднаў сотні маладых католікаў. Яны дзейнічаюць у Парыжы, Нанце, Ніцы і іншых французскіх гарадах.

«Дзяжурныя» — гэта зазвычай маладыя людзі. Найстарэйшым з іх каля 30-і гадоў. Большасць яшчэ вучацца, але ёсць і тыя, хто ўжо працуе або мае свае фірмы.

«У нашай дзейнасці мы імкнемся перадусім паказаць, што нам не ўсё роўна і што Францыя ў стане захаваць сваю спадчыну і свае карані», — кажа Гацье.

Большасць удзельнікаў руху з’яўляюцца католікамі, але сярод іх ёсць таксама вызнаўцы іншых рэлігій.

«Для нас важна толькі тое, каб гэта былі людзі ўраўнаважаныя, сталыя, якія не паддадуцца эмоцыям і не пачнуць, напрыклад, бойку з вандаламі», — тлумачыць Гацье.

Дабравольцы арганізуюцца з дапамогай інтэрнэту. Пасля акцыі яны выкладаюць у сеціва здымкі з начных чуванняў, але пры гэтым стараюцца не паказваць сваіх твараў. Такім чынам яны імкнуцца пазбегнуць агрэсіўных каментароў і канфрантацыі з няўдалымі вандаламі.

Рух «Абарані свой касцёл» дзеліцца інфармацыяй з парыжскім l'Observatoire de la christianophobie («Аглядам хрысціянафобіі»), які дакладна дакументуе антыхрысціянскія дзеянні ў Францыі.

«Яны фізічна не абароняць больш за 40 тысяч касцёлаў у нашай краіне. Іх дзейнасць больш сімвалічная, яна дапамагае абудзіць сумленні і дае людзям зразумець пагрозы», — сказаў Гіём дэ Цьёлуа, заснавальнік «Агляду».

Місія маладых французскіх католікаў таксама паказвае, што Францыя — не настолькі секулярызаваная краіна, як гэта можа здавацца. Хрысціянства там усё яшчэ жыве дзякуючы моладзі. Гэта відаць не толькі падчас начных чуванняў, але, напрыклад, таксама ў дэманстрацыях у абарону жыцця ці ў дапамозе пераследаваным хрысціянам.

Рух «Абарані свой касцёл» прымае ўсё новых членаў, а тых, хто не можа ўдзельнічаць у чуваннях, просіць далучацца да іх праз малітву.

«Маліцеся за нас, а таксама за тых, хто чыніць святатацтвы, аб іх навяртанні, бо гэта адбываецца так, як сказаў Езус: „Не ведаюць, што робяць“», — падкрэсліў Гацье.

Рух мае таксама свайго апекуна. Гэта благаслаўлёны Наэль Піно, арыштаваны падчас таемнай святой Імшы падчас Французскай рэвалюцыі. Ідучы на эшафот, ён яшчэ меў на сабе літургічнае адзенне. Відавочцы сведчылі, што, ідучы па прыступках да гільяціны, ён казаў словы, якія святар чытаў перад пачаткам святой Імшы: Іntroibo ad altare Dei — «Прыступлю да Божага алтара».

Абноўлена 30.07.2020 12:00
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця