![]()
Каталіцкія школы і ўніверсітэты павінны быць месцамі, дзе моладзь можа адчуваць сябе любімай і заўважанай, і такім чынам зможа спрыяць будаванню больш мірнага і справядлівага свету, адзначыў Папа.
22 кастрычніка Леў XIV прыняў на аўдыенцыі ўдзельнікаў кангрэса, прысвечанага душпастырскай дзейнасці ў школах і ўніверсітэтах, які прайшоў у Папскім латэранскім універсітэце. Ён адзначыў важнасць таго, каб душпастырства ў навучальных установах умела адгукацца на глыбокія жаданні кожнага чалавека і суправаджаць яго на шляху чалавечага і хрысціянскага сталення.
Пантыфік заўважыў, што сёння многія маладыя людзі перажываюць глыбокія экзістэнцыяльныя цяжкасці, звязаныя з сямейнымі праблемамі, адзінотай у лічбавым свеце, няўпэўненасцю ў сабе і страхам перад будучыняй.
«Многія ходзяць па калідорах нашых школ і ўніверсітэтаў і, магчыма, адчуваюць сябе незаўважанымі», — сказаў ён.
У гэтым кантэксце Папа адзначыў, што каталіцкія школы і ўніверсітэты павінны быць не толькі месцамі навучання, але і сапраўдным домам, дзе пануе сямейная атмасфера. «Першае абвяшчэнне Евангелля часта адбываецца праз культуру гасціннасці: калі хтосьці глядзіць табе ў вочы, памятае тваё імя, заўважае тваю адсутнасць і радуецца твайму вяртанню», — сказаў Леў XIV.
Святы Айцец падкрэсліў, што навучальныя ўстановы павінны быць таксама месцамі сумеснага пошуку праўды.
Ён заклікаў шанаваць пытанні маладых людзей і нагадаў, што каталіцкая адукацыя павінна дапамагаць ім адкрываць прыгажосць сустрэчы з Хрыстом і бачыць, як вера можа спалучацца з розумам і іншымі галінамі ведаў.
«Сёння нямала маладых людзей нібыта паралізаваныя страхам памыліцца, аказацца не на вышыні, быць няправільна зразуметымі або не апраўдаць чаканняў. Мы жывём у культуры, дзе галоўным крытэрыем становіцца прадукцыйнасць, а людзей пастаянна параўноўваюць і часам бязлітасна ацэньваюць. Няправільнае разуменне мерытакратыі ўрэшце прыводзіць да непавагі да чалавека. Таму многія адмаўляюцца ад спробы яшчэ да таго, як паспрабуюць», — заўважыў Папа.
Леў XIV заклікаў душпастыраў дапамагаць маладым людзям стаць галоўнымі героямі новага спосабу жыцця ў свеце, будаваць братэрства і больш справядлівае грамадства. «Мужнасць нараджаецца з даверу — з досведу сустрэчы з кімсьці, хто верыць у цябе яшчэ да таго, як ты сам паверыш у сябе. Езус выбраў Дванаццаць не таму, што яны ўжо былі мужнымі. Ён паклікаў іх і сваім даверам дапамог ім стаць здольнымі да вялікіх спраў. Нашым дзецям і падлеткам мы павінны паўтараць словы, якімі вучні звярнуліся да сляпога Бартымэя: «Смялей, уставай, Ён кліча цябе!», — сказаў Пантыфік.
Святы Айцец адзначыў, што пад панцырам, які многія падлеткі апранаюць на сябе, каб абараніцца ад цярпенняў, хаваецца жаданне любіць і быць любімымі. У сувязі з гэтым ён заклікаў выхоўваць у маладых людзях спагаду, удзячнасць, здольнасць адгукацца на боль іншых, а таксама вучыць іх праслаўляць Бога і імкнуцца да Яго.
«Служэнне бедным, валанцёрства, клопат пра стварэнне — гэта не другарадныя заняткі, а месцы, дзе сэрца вучыцца станавіцца больш адкрытым і ўмяшчальным. Не забывайма: справы міласэрнасці і малітва непадзельныя»,
— падкрэсліў Пантыфік.
У заключэнне Леў XIV нагадаў, што маладым людзям патрэбныя не тыя, хто прапануе гатовыя адказы і простыя абяцанні, а тыя, хто будзе цярпліва ісці побач з імі і дапамагаць адкрываць дары, якія Бог ужо ўклаў у іх. Прыкладам такога суправаджэння Папа назваў Уваскрослага Езуса, які наблізіўся да вучняў, што ішлі ў Эмаўс, крочыў разам з імі, слухаў іх, тлумачыў Святое Пісанне, распальваў іх сэрцы і дапамог ім пазнаць Сябе ў ламанні хлеба.










