Сто гадоў таму, 27 ліпеня 1920 года, перад абліччам бальшавіцкай навалы польскія біскупы, сабраныя ў марыйным санктуарыі ў Чэнстахове, ахвяравалі краіну Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса.
Каталіцкае інфармацыйнае агенства КАІ узгадвае, што тады пастыры Касцёла пад кіраўніцтвам кардыналаў Аляксандра Какоўскага і Эдмунда Дальбара заклікалі польскі народ да малітоўнай круцыяты за Айчыну, да малітвы на ружанцы, злучанай з адарацыяй Найсвяцейшага Сакрамэнту на працягу дня, да веры ў апеку Каралевы Польшчы і да актыўнай абароны краіны, якая апынулася пад пагрозай.
«У хвіліну, калі над Айчынай і Касцёлам збіраюцца чорныя хмары, мы ўсклікаем, як некалі Твае вучні, спалоханыя бурай на моры: „Пане, ратуй нас, бо мы гінем“», — чытаем у акце 1920 года.
У тэксце разам з мальбой аб паратунку для краіны была таксама змешчана просьба аб прабачэнні грахоў і нявернасці:
«Але праз заслугі нашых святых Апекуноў, праз мучаніцкую кроў, пралітую за веру нашымі братамі, праз заступніцтва Каралевы Кароны Польскай, Багародзіцы, нашай узлюбленай Маці Чэнстахоўскай, мы просім Цябе, даруй нам нашыя правіны і перамяні нашыя сэрцы на ўзор Твайго Божага Сэрца; перамяні нас моцаю Тваёй усемагутнай ласкі, з абыякавых і цёплых зрабі нас руплівымі і гарачымі, з маладушных — мужнымі, і ўчыні, каб мы ўсе з гэтага часу заўсёды верна Табе служылі і ніколі Цябе не пакінулі».
Сто гадоў таму польскія каталіцкія іерархі ўрачыста паабяцалі, што будуць пашыраць культ Сэрца Езуса сярод вернікаў, а асабліва ў духоўных семінарыях, заклікалі да Яго пабожнага ўшанавання і прысвячэння Божаму Сэрцу сем’яў.
Біскупы, сабраныя 27–29 ліпеня 1920 года на пленарным пасяджэнні епіскапату ў Чэнстахове, таксама ўзнавілі выбар Марыі Каралевай Польшчы.
«Прагані ворага ад межаў нашай Айчыны; вярні нашай краіне жаданы мір, лад і парадак; вырві з нашых сэрцаў зерне нязгоды; ачысці нашыя душы ад грахоў і заганаў, каб мы ў бяспецы ад нашых ворагаў маглі Табе з чыстымі сэрцамі служыць і праз Цябе Бога і Пана нашага Езуса Хрыста праслаўляць і ўшаноўваць», — маліліся польскія біскупы.
Іерархі таксама скіравалі ліст Папу Бэнэдыкту XV, у якім інфармавалі тагачаснага Пантыфіка пра небяспеку, якая навісла над Касцёлам у Польшчы.
Яны прасілі Святога Айца аб малітве і Апостальскім благаслаўленні на плённую абарону.
На працягу ўсяго ліпеня 1920 года ў Чэнстахове мясцовыя жыхары і пілігрымы горача маліліся за Айчыну. Перад абліччам небяспекі для існавання незалежнай польскай дзяржавы адсюль гучалі заклікі да барацьбы і абароны. З дапамогаю пілігрымаў яны распаўсюджваліся па ўсёй краіне і дасягалі ўсіх слаёў тагачаснага польскага грамадства, што ў выніку прынесла свой плён і дапамагло адстаяць незалежнасць Польшчы ў змаганні з бязбожнай бальшавіцкай навалай.