Падчас пажару 10 ліпеня ў Маніле згарэла фігура Дзіцяткі Езуса (Santo Niño), важная святыня для мясцовых католікаў, якая сімвалізуе прыбыццё хрысціянства на архіпелаг.
Як паведамляе руская рэдакцыя парталу Vatican News, Santo Niño — адна са старажытных хрысціянскіх выяваў, якія ўшаноўваюцца на Філіпінах: згодна з паданнем, яна была прывезена Фернанам Магеланам у 1521 годзе і падорана першым філіпінскім католікам.
Фігура была страчана на востраве Мактан падчас паўстання, якое каштавала жыцця партугальскаму мараплаўцу, а потым зноў адшукана ў XVII ст., і на месцы яе знаходжання былі пабудаваны касцёл і кляштар аўгустынцаў. З таго часу філіпінцы ўшаноўваюць фігуру як цудатворную.
Кожны год у студзені мільёны вернікаў накіроўваюцца да фігуры Дзіцяткі, прымаючы ўдзел у працэсіі прысвечанага ёй свята.
Разам з ушанаваннем фігуры «Чорнага Назараніна» гэта адна з важнейшых мясцовых рэлігійных традыцый. Абедзве фігуры зроблены з цёмнага дрэва.
Пажар, які здарыўся на мінулым тыдні, за самы кароткі час знішчыў не толькі касцёл, але і кляштар з усімі святымі выявамі і літургічным убраннем. Не пацярпелі толькі некалькі келіхаў і начынне з Найсвяцейшым Сакрамэнтам, што вернікі палічылі сапраўдным цудам. Ад фігуры Дзіцяткі Езуса засталіся толькі шар і крыж, якія Дзіцятка трымала ў руках, а таксама частка абгарэлых рызаў.
Апостальскі адміністратар Манілы біскуп Брадэрык Пабільё заклікаў вернікаў дапамагчы нанава адбудаваць касцёл і папрасіў маліцца аб яго хутчэйшым аднаўленні, у якое абяцалі зрабіць унёсак муніцыпальныя ўлады Манілы. Іерарх адзначыў, што знаходжанне Найсвяцейшага Сакрамэнту, які не пацярпеў падчас пажару, — знак надзеі. Ён паведаміў, што рэліквіі, уратаваныя ад пажару, хутка зноў будуць выстаўлены для ўшанавання.