Дабрачыннае каталіцкае таварыства Caritas у Буркіна-Фасо, адной з найбяднейшых краін свету, просіць міжнародную супольнасць аб тэрміновай дапамозе. Без яе галодная смерць пагражае як мінімум двум мільёнам мясцовых жыхароў.
Як паведамляе польская рэдакцыя парталу Vatican News, з-за складаных кліматычных умоваў і ўнутраных канфліктаў колькасць патрабуючых павялічылася ў гэтай заходнеафрыканскай краіне за мінулы год у тры разы.
Пра паглыбленне гуманітарнага крызісу ў Буркіна-Фасо, які самі яго жыхары не ў стане перамагчы, кажа дырэктар мясцовага Caritas кс. Канстанцін Серэ. Наступныя месяцы абяцаюць быць трагічнымі.
Набліжаецца час праліўных дажджоў, а на поўначы і ўсходзе краіны назіраецца эскалацыя насілля з боку ісламскіх баевікоў.
Таварыству Caritas у Буркіна-Фасо патрабуецца 600 тысяч еўра, каб забяспечыць неабходную дапамогу патрабуючым сем’ям. Для кожнай з іх трэба закупіць 50 кг рысу, 25 кг бабоў, 5 л алею, 2 кг солі і выплаціць грашовую дапамогу на набыццё садавіны і гародніны.
Дырэктар Caritas падкрэслівае, што будучыня Буркіна-Фасо у вялікай меры залежыць ад заканчэння ўнутраных канфліктаў.
«Улады робяць шмат, але іх намаганняў недастаткова перад абліччам сілы ісламістаў, якая сее смерць і знішчэнні»,
— адзначае святар. Ён заклікае міжнародную супольнасць у гэты цяжкі час падтрымаць жыхароў краіны ў іх імкненнях да міру.