Пошук

26.06.2020 13:22   Паводле: КАІ / Пераклад і адаптацыя: Мікола Гракаў / Catholic.by
Ілюстрацыйнае фота: tribality.com

Хоць гандаль рэліквіямі быў забаронены Касцёлам ужо ў Сярэднявеччы, аднак ён не знік да сённяшняга часу.

У ХХІ стагоддзі, падчас пандэміі каранавірусу людзі праз інтэрнэт набываюць нямала рэліквій, нават з пацвярджэннем іх «сапраўднасці». Часта гэта падробкі, а іх набыццё цяжка растлумачыць з пазіцыі здаровага розуму. Чаму так адбываецца, нягледзячы на паўсюдную секулярызацыю?

Як паведамляе Каталіцкае інфармацыйнае агенцтва КАІ, гэтаму пытанню італьянскі журналіст Мація Ферарэзі прысвяціў на старонках амерыканскага штодзённіка The New York Times два артыкулы: «Прадаецца волас Панны Марыі», а крыху раней — «Каранавірус і Бог».

Як зазначае аўтар, у інтэрнэце можна знайсці рэліквіі для любога бюджэту.

Напрыклад, каля 2 тыс. даляраў просяць за «срэбраную патэну з воласам Панны Марыі», а 16,5 тыс. даляраў каштуе «рэлікварый з галоўнымі хрысціянскімі рэліквіямі», сярод якіх — св. Яна Хрысціцеля і св. Бэнэдыкта. У продажы ёсць і «кавалак дрэва святога Крыжа са слядамі крыві Хрыста», адзенне святых, рэчы Папаў і г.д.

Зазвычай гэтыя аб’явы суправаджаюцца надпісам, што, паколькі ідзе гаворка пра «святыя рэчы», іх немагчыма вярнуць прадаўцу.

Пра тое, што сёння гандаль рэліквіямі квітнее, пісала таксама італьянская газета La Stampa, спасылаючыся на крыніцы ў Ватыкане і паліцыі. Паводле праваахоўнікаў, гэты гандаль наўпрост звязаны з павелічэннем колькасці крадзяжоў рэліквій з касцёлаў, якіх штогод фіксуецца каля 300, і з кожным годам гэтая лічба няўхільна расце.

У якасці пакупнікоў найчасцей выступаюць прадстаўнікі бедных на рэліквіі каталіцкіх краін, такіх, як Філіпіны і Бразілія. Аднак італьянскі сацыялог з Цэнтра даследвання новых рэлігій Массімо Інтравінье сцвярджае, што гэты працэс датычыцца таксама заходнееўрапейскіх краін.

«У пэўным сэнсе мы бачым своеасаблівае вяртанне новым, лічбавым чынам старых практык, якія былі распаўсюджаны ў Еўропе ХІІ стагоддзя», — дадае даследчык.

У 2017 г. Кангрэгацыя па справах Кананізацыі выдала дэкрэт, які пацвярджае даўно ўведзеную забарону гандляваць рэліквіямі. У дакуменце даюцца маральныя настаўленні католікам, але, як заўважае Мація Ферарэзі, па-за Ватыканам на практыцы дэкрэт не мае юрыдычнай моцы, а таму гэты гандаль працягвае развівацца.

Варта адзначыць, што акрамя хрысціянскіх рэліквій на рынку прадстаўлены святыя рэчы будызму і індуізму, якія таксама былі здабытыя з дапамогаю крадзяжу з месцаў культу гэтых рэлігій. Але ў Тайландзе, напрыклад, будыйскіх манахаў, якія імкнуцца супрацьстаяць крадзяжам, падтрымалі мясцовыя ўлады, увёўшы строгія распараджэнні адносна гэтага.

Чаму ўсё ж такі людзі ХХІ стагоддзя жадаюць мець рэліквіі?

Шукаючы адказ на гэтае пытанне, італьянскі журналіст прыходзіць да цікавых высноваў. Гэтая з’ява, на яго думку, супярэчыць часта цытаваным поглядам нямецкага сацыёлага і філосафа Макса Вэбера, які сто гадоў таму казаў, што «працэсы рацыяналізацыі і інтэлектуалізацыі ў свеце незваротныя, таму немагчыма, каб людзі вярнуліся да такіх сярэднявечных практык, як культ святых і ўшанаванне іх рэліквій». Такі дэсакралізаваны свет, на думку Вэбера, «можа чакаць толькі секулярызацыя».

Разам з тым, у 50-я гады ХХ стагоддзя з’явілася адваротная тэорыя т.зв. «дэсекулярызацыі». Яе аўтар аўстрыйска-амерыканскі сацыёлаг Петэр Бэргер сцвярджаў, што «сучасны свет такі ж „шалёна“ рэлігійны, якім быў заўсёды, толькі па-іншаму».

Паводле Маціі Ферарэзі, тэорыі секулярызму і дэсекулярызму не апісваюць дастаткова гэтай з’явы, паколькі не могуць ахапіць адначасова рэлігійных памкненняў і рацыяналістычнай скіраванасці сучаснага чалавека.

Італьянскі журналіст лічыць, што для гэтага неабходны іншы падыход, пры якім бярэцца ў разлік тое, што ён называе «спячымі рэлігійнымі фактарамі, якія праяўляюцца ў выглядзе дзеянняў часцей, чым гэта можа здавацца».

Для абгрунтавання гэтага тэзісу публіцыст цытуе манументальны твор канадскага філосафа Чарльза Тэйлара «Секулярная эпоха» (A Secular Age), які з’явіўся ў 2017 годзе. У ім ідзе гаворка пра пераход ад арганізаванай рэлігіі да іншых формаў веры. Журналіст спасылаецца таксама на даследванні спецыяліста ў галіне новых рэлігій Джона Гордана Мелтана ад 2006 г., з якіх вынікае, што іх колькасць з кожным годам павялічваецца на 40–45.

Свае разважанні Мація Ферарэзі падсумоўвае сцвярджэннем, што людзі, нягледзячы на секулярызацыю, адчуваюць патрэбу ў трансцэндэнтным, якую імкнуцца задаволіць часам даволі сумнітўным чынам. Практыка гандлю рэліквіямі, на думку журналіста, асабліва непрыемная і абразлівая менавіта для католікаў.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.