У 2020 годзе ў Францыі прэзбітэрскае пасвячэнне прымуць 126 новых святароў, сярод якіх 83 — дыяцэзіяльныя.
Пра гэта са спасылкай на Канферэнцыю біскупаў Францыі паведамляе Каталіцкае інфармацыйнае агенцтва КАІ.
Найбольш новапрэзбітэраў з’явіцца ў дыяцэзіі Фрэжуса-Тулона (8), Парыжа і Сэн-Брыё (па 6), Версаля і Авіньёна (па 5), Ля-Рашэля і Баёны (па 4), Ніцы і Ліёна (па 3).
У дыяцэзіі Сэн-Брыё пяцёра з новапрэзбітэраў належаць да Супольнасці святароў з Сант’яга, якое было афіцыйна створана ў 1966 годзе, а свой пачатак бярэ ад групы місіянераў, якія нясуць служэнне на Гаіці з 1864 года і да сённяшняга дня. Акрамя таго, святары з гэтай супольнасці служаць у Бразіліі і Францыі.
Сярод святароў, якія належаць да супольнасцяў ці таварыстваў апостальскага жыцця і пасля пасвячэння будуць служыць у дыяцэзіі, адзінаццаць з’яўляюцца прадстаўнікамі супольнасці св. Марціна, пяцёра — супольнасці Эмануэль, а 1 — кангрэгацыі Езуса і Марыі, заснаванай Жанам Эдам.
Што датычыцца 18 манаскіх і законніцкіх супольнасцяў, шасцёра прэзбітэраў будуць пасвячаныя для супольнасці Новы Шлях, чацвёра — для дзвюх правінцый дамініканаў, яшчэ чацвёра — для супольнасці братоў святога Яна і трое — для кангрэгацыі Аўгустыніянаў Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі (асумпцыяністаў).
Акрамя таго, яшчэ пяцёра новых святароў прызначаюцца для інстытутаў, якія здзяйсняюць цэлебрацыі ў надзвычайнай форме Рымскага абраду: трое для інстытуту Добрага Пастыра і двое для святарскага брацтва святога Пятра.
У 2018 годзе колькасць новапрэзбітэраў у Францыі была такой самай.
Тады пасвячэнне прынялі 78 дыяцэзіяльных святароў, 18 — са святарскіх супольнасцяў, якія нясуць служэнне ў дыяцэзіях, а таксама 30 духоўных асобаў з манаскіх і законніцкіх супольнасцяў.