Пошук

22.06.2020 17:01   Catholic.by
Ілюстрацыйнае фота: Jeffrey Bruno / Aleteia

Польскі епіскапат нагадвае, што касцёлы не могуць быць месцам для палітычных заяў і выступленняў палітыкаў, а павінны заставацца выключна прастораю абвяшчэння Божага Слова.

Як паведамляе Каталіцкае інфармацыйнае  агенства КАІ, такім чынам Канферэнцыя епіскапату Польшчы адрэагавала на тое, што адбылося напярэдадні ў нацыянальным марыйным санктуарыі краіны.

У нядзелю 21 чэрвеня ў санктуарыі Маці Божай Чэнстахоўскай на Яснай Гары праходзіла пілігрымка прадпрымальнікаў, у якой узяла ўдзел віцэ-прэм’ер і міністр развіцця Польшчы Ядвіга Эмілевіч, якая пасля св. Імшы ў інтэнцыі прадпрымальнікаў, працадаўцаў і работнікаў выйшла да амбоны і выступіла з дзесяціхвіліннай прамовай.

У сувязі з гэтым прэс-сакратар польскага епіскапату кс. Павел Рытэль-Андрыянік у заяве для СМІ нагадаў, што амбона не можа служыць ніякай іншай мэце, акрамя абвяшчэння Слова Божага, пропаведзі надзеі і вучэння Каталіцкага Касцёла.

Прэс-сакратар адзначыў, што біскупы ўжо ў 2005 годзе ва ўказаннях Канферэнцыі епіскапату Польшчы да новых Агульных уводзінаў у Рымскі Імшал звярталі ўвагу на тое, што «амбону нельга выкарыстоўваць для выступленняў (прамоваў), якія не звязаныя з абвяшчэннем Божага Слова».

«Католікі, вядома, як і іншыя грамадзяне, маюць права актыўна ўдзельнічаць у палітыцы для агульнага дабра, але касцёлы —  не тыя месцы, дзе гэта можна рабіць. Хрысціяне больш за дзве тысячы гадоў абвяшчаюць праўду аб Божай любові да кожнага чалавека, незалежна ад яго жыццёвага становішча. Касцёл нікога не выключае са сваёй супольнасці, але таксама патрабуе  рэалізацыі канкрэтных патрабаванняў, на якія ўказвае Дэкалог, Евангелле і сацыяльнае вучэнне Каталіцкага Касцёла, і якія пацвярджаюць усе наступныя Папы», — сказаў кс. Павел Рытэль-Андрыянік.

Прадстаўнік епіскапату таксама падкрэсліў, што Касцёл не можа ўдзельнічаць ні ў адной з выбарчых кампаній, паколькі гэта не яго роля.

«Калі ў нейкім месцы, у касцёле або парафіяльным будынку, здараецца выпадак выбарчай агітацыі, гэта павінна лічыцца недапушчальным і несумяшчальным з місіяй Касцёла, якая заключаецца ў тым, каб прапаведаваць Евангелле кожнаму чалавеку, незалежна ад яго палітычных поглядаў. Святыні не — месца для палітыкі, але, як падкрэсліў Езус Хрыстус, яны з’яўляюцца домам малітвы», — дадаў святар.

Абноўлена 22.06.2020 17:38
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.