Папскі педыятрычны шпіталь Bambino Gesù (Дзіцяткі Езуса) апублікаваў ашаламляльнае відэа, у якім паказаны фрагмент рэдкай аперацыі, якую спецыялісты клінікі робяць ненароджанаму немаўлятку ва ўлонні маці.
Як перадало Каталіцкае інфармацыйнае агенцтва КАІ, малаінвазійная хірургічная аперацыя ва ўлонні маці працягвалася 45 хвілін.
Яна дала шанц на выжыванне 28-тыднёваму немаўлятку з прыроджанай дыяфрагмальнай грыжай.
Спецыялісты з педыятрычнага шпіталя ў Філадэльфіі (ЗША) тлумачаць, што гэтая паталогія заключаецца ў тым, што мышца, якая аддзяляе грудную клетку ад брушной поласці, не змыкаецца на стадыі прэнатальнага развіцця. У выніку гэта становіцца прычынаю перамяшчэння органаў, якія павінны знаходзіцца ў брушной поласці, у грудную клетку. Гэта вядзе да недаразвіцця лёгкіх і крывяносных сасудаў, а ў наступстве — да лёгачнай гіпертэнзіі.
View this post on Instagram
Аперацыя, якую правялі ў папскім шпіталі, яшчэ канчаткова не зацверджана амерыканскім Агенцтвам харчавання і лекаў (FDA). Філадэльфійскі шпіталь і яшчэ некалькі медыцынскіх устаноў у ЗША толькі робяць у межах клінічнага абследавання эндаскапічную аклюзію дыяфрагмы плоду. Падчас працэдуры, якая адбываецца ва ўлонні маці, у дыхальных шляхах ненароджанага дзіцяці змяшчаецца спецыяльны балон, які застаецца там пэўны час. Гэта дае магчымасць лёгкім немаўляці развівацца і павялічае шанцы на яго выжыванне. Праз некалькі тыдняў балон выдаляецца, каб лёгкія дзіцяці маглі нармальна развівацца далей.
Амерыканскі акушэр-гінеколаг Лестэр Рупэрсбергер (Lester A. Ruppersberger), былы старшыня Каталіцкага медыцынскага таварыства, сказаў парталу LifeSiteNews, што падобныя аперацыі выразна даюць зразумець, што «жыццё мае значэнне і каштоўнасць з моманту, калі зачынаецца ва ўлонні маці». Разам з тым амерыканскі доктар выказаў надзею на тое, што такія хірургічныя аперацыі дапамогуць змяніць адносіны прыхільнікаў абортаў.
«Чым большых поспехаў дасягае медыцына ў выкананні гэтых працэдур, тым менш абортаў будзе рабіцца ў выпадках, калі жыццю ненароджанага пагражаюць прыроджаныя паталогіі», — сказаў доктар Рупэрсбергер, падкрэсліўшы, што няма ніякіх абгрунтаваных прычын для таго, каб пазбавіцца ад цяжарнасці.
Ён дадаў, што ўнутрыматкавая тэрапія плоду з’яўляецца адной з найбольш перспектыўных галін перынатальнай медыцыны і дае шанц на жыццё ўсё большай колькасці дзяцей з рознымі прыроджанымі паталогіямі, такімі, як кіста жабернай шчыліны, дыяфрагмальная грыжа, непраходнасць дыхальных шляхоў, плодавае пашкоджанне лёгкіх, гідрацэфалія, непраходнасць мачавыпускальных каналаў, расшчапленне хрыбетніка, сіндромы амніятычнай групы і шмат іншых.
Спецыяліст таксама звярнуў увагу на аперацыі, звязаныя з цяжарнасцю, якія больш засяроджваюцца на карэкцыі паталогій, што маюць уплыў на жыццё і здароўе маці, а таксама працяканне і вынік цяжарнасці. Абаронцы жыцця падкрэсліваюць, што поспехі ў прэнатальнай хірургіі ўжо дазволілі ўратаваць жыццё многім дзецям, якія ў адваротным выпадку былі б абартаваныя на падставе рэкамендацый медыкаў.