Апостальская Сталіца вырашыла прыпыніць сумніўны план рэарганізацыі Трырскай дыяцэзіі ў Германіі.
Як паведамляе агенцтва CNA, біскуп Трырскі Штэфан Акерман на мінулым тыдні сустрэўся ў Рыме з кіраўніцтвам Кангрэгацыі па справах духавенства і Папскай рады па інтэрпрэтацыі заканадаўчых тэкстаў, каб абмеркаваць планы дыяцэзіі па рэарганізацыі некалькіх соцень парафій у 35 буйных парафій.
Хаця сустрэча прайшла ў пазітыўнай атмасферы, на гэтым тыдні стала вядома, што дыяцэзіяльныя планы, магчыма, не будуць рэалізаваныя ў іх сённяшнім выглядзе.
Праграма рэструктурызацыі была прынята дыяцэзіяй у кастрычніку мінулага года пасля трохгадовага дыяцэзіяльнага сіноду, прысвечанага вырашэнню праблем, звязаных са зніжэннем наведвання Імшаў, недахопам пакліканняў і іншымі пытаннямі, якія стаяць перад Касцёлам у Германіі.
Як было адзначана ў заяве дыяцэзіі, Кангрэгацыя па справах духавенства і Папская рада па інтэрпрэтацыі заканадаўчых тэкстаў занепакоеныя прапанаванай рэформай парафій.
У дыяцэзіі патлумачылі, што прычынай занепакоенасці былі, у прыватнасці, роля пробашча ў кіраўніцтве парафіяй, служэнне іншых святароў, канцэпцыя парафіяльных органаў, памер будучых парафій і хуткасць рэалізацыі гэтай рэформы.
Пасля таго, як біскуп Акерман апублікаваў закон аб рэалізацыі рашэнняў дыяцэзіяльнага сіноду 2013-2016 гг., некалькі мясцовых католікаў, у тым ліку некаторыя святары, выказалі заклапочанасць з-за яго зместу, а ў лістападзе мінулага года Кангрэгацыя па справах духавенства і Папская рада па інтэрпрэтацыі заканадаўчых тэкстаў звярнуліся за просьбай адкласці рэалізацыю плану, пакуль ён разглядаецца ў Рыме.
План уключаў зліццё ўсіх 887 парафій Трырскай дыяцэзіі ў 35 больш буйных парафій на чале з «пастырскімі камандамі» вернікаў і святароў. У адпаведнасці з планамі мясцовая група вернікаў заявіла, што «канкрэтная перадача прапаведвання, асабліва евангелізацыі, звычайным дабравольцам прывядзе да страты святарскага служэння».
Іншыя асцярогі былі звязаны з цэнтралізацыяй парафій, бо ў некаторых частках дыяцэзіі католікам давядзецца пераадолець вялікую адлегласць, каб удзельнічаць у Імшы.
Як паведамілі ў дыяцэзіі пасля сустрэчы ў Рыме, «у ходзе размовы біскуп даў зразумець, з якімі праблемамі сутыкаецца сёння Трырская дыяцэзія». У прыватнасці, да іх адносяцца «памяншэнне актыўнасці вернікаў у жыцці Касцёла на працягу некалькіх гадоў, зніжэнне наведвання святыняў і трывога, выкліканая выяўленнем сексуальных злачынстваў з боку духавенства ў Божым народзе». Акрамя таго, як сказана, «дэмаграфічныя змены, памяншэнне фінансавых рэсурсаў і недахоп святароў абмяжоўваюць пастырскія магчымасці дыяцэзіі».
Таксама ў дыяцэзіі паведамілі, што біскуп Акерман цяпер будзе працаваць з членамі курыі над стварэннем новага плану, які б улічваў задачы трохгадовага дыяцэзіяльнага сіноду і браў пад увагу меркаванне Апостальскай Сталіцы.