Пошук

12.06.2020 12:47   Паводле: Сatholicnewsagency.com / Catholic.by
Ілюстрацыйнае фота london-life.ru

Візавыя правілы Вялікабрытаніі не дазваляюць парафіям запрашаць святароў з-за мяжы, паведамілі каталіцкія іерархі краіны.

Як інфармуе агенцтва CNА, біскупы заявілі, што некаторыя парафіі не могуць дазволіць сабе запрашаць на служэнне замежных святароў, каб мець магчымасць кампенсаваць недахоп сваіх душпастыраў, калі тыя захварэюць або возьмуць адпачынак.

У мінулым годзе ўрад Вялікабрытаніі паставіў патрабаванне, каб замежнікі, якія збіраюцца прапаведваць у месцах культу ў гэтай краіне, атрымалі дарагія візы Tier 2.

Большасць дыяцэзій, як адзначылі біскупы Вялікабрытаніі, раней выкарыстоўвалі для святароў візы Tier 5, каб тыя маглі прыязджаць на замену мясцовым святарам у кароткі час іх адсутнасці з-за хваробы, вучобы або штогадовага адпачынку. Новая ж умова, уведзеная ў 2019 г. для ўсіх, хто служыць у якасці прапаведнікаў, патрабуе выкарыстання візы іншага ўзроўню, што больш чым у два разы павялічыла расходы парафій, якія арганізуюць замену. Для некаторых парафій, як падкрэсліваецца, гэта матэрыяльна непрымальна, што ставіць пад пагрозу магчымасць людзей вызнаваць сваю веру.

Іерархі таксама крытычна паставіліся да патрабавання з боку ўраду, каб святары, якія вывучалі англійскую мову, праходзілі моўныя тэсты. Біскупы адзначылі, што гэта выкліча непатрэбныя фінансавыя выдаткі. Як тлумачаць яны, курсы па вывучэнні англійскай мовы не абавязкова прызнаюцца ўрадам як тыя, якія адпавядаюць патрабаванням да ўзроўню валодання гэтай мовай згодна з Tier 2.

Біскупы дадалі, што цяжкасці, з якімі сутыкаюцца парафіі, будуць павялічвацца, асабліва калі ўрад адменіць магчымасць свабоднага перамяшчэння грамадзян Еўрасаюза па тэрыторыі Вялікабрытаніі.

Па словах іерархаў, калі не будуць праведзены рэформы, то сітуацыя пагоршыцца, бо святары, якія прыязджаюць з краін ЕС для забеспячэння замены, будуць падпарадкоўвацца аднаму і таму ж правілу.

Біскупы крытычна выказаліся адносна новага законапраекту аб іміграцыі, які прадугледжвае ўвядзенне бальнай сістэмы для мігрантаў, што жадаюць застацца ў Вялікабрытаніі. Іерархі заўважылі, што законапраект, які знаходзіцца на разглядзе парламента, «радыкальна зменіць магчымасці людзей будаваць сваё жыццё тут і рабіць унёсак у наша грамадства».

У заяве, накіраванай лідарам апазіцыйных партый у Вестмінстэры, біскупы заклікалі ўрад рэфармаваць іміграцыйную сістэму, устанавіўшы часовыя абмежаванні на ўтрыманне імігрантаў пад вартай, ліквідаваўшы фінансавыя бар'еры, якія раздзяляюць сем'і, і адмяніўшы правапарушэнне, звязанае з нелегальнай працай.

Абноўлена 12.06.2020 13:56
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа