8 чэрвеня ў парыжскай базыліцы Найсвяцейшага Сэрца на Манмартры французскія біскупы даручылі сваю айчыну Богу.
Як паведамляе польская рэдакцыя парталу Vatican News, увечары ў катэдры адбылася адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту і святая Імша. Каталіцкія біскупы Францыі маліліся за ахвяр пандэміі, за засмучаных, а таксама падзякавалі Богу за атрыманыя ласкі.
З лістапада мінулага года ў базыліцы Сакрэ-Кёр на Пагорку Мучанікаў (так перакладаецца Манмартр) працягваецца юбілейны год. Прыгожая белая святыня на высокім узгорку, аблюбаваным мастакамі, стала вотумам удзячнасці парыжанаў за ацаленне сталіцы падчас франка-прускай вайны ў 1870 годзе. Кансэкрацыя базылікі Найсвяцейшага Сэрца адбылася пасля заканчэння Першай сусветнай вайны ў 1919 годзе.
З панядзелка да серады праходзіць Пленарнае пасяджэнне епіскапату Францыі.
Яно праводзіцца у незвычайным фармаце — анлайн: таксама, як і апошняе пасяджэнне ККББ. Яшчэ адна асаблівасць заключаецца ў тым, што, як зазначаюць назіральнікі, сярод кіруючых французскіх біскупаў няма ніводнага кардынала.
Галоўная тэма нарад епіскапату — абмеркаванне вопыту пандэміі. Як адзначыў Старшыня Канферэнцыі біскупаў Францыі, апошнія месяцы належыць успрымаць як своеасаблівае папярэджанне.
«Мы ўбачылі, што можна жыць інакш», — кажа арцыбіскуп Эрык дэ Мулен-Бафор.
«У Бібліі, у святой гісторыі, калі Бог папярэджвае або нават карае, з гэтым заўсёды звязана пэўнае абяцанне: што іншы лад жыцця магчымы, што чалавек можа жыць інакш. Мы не павінны быць вязнямі нейкага механізму, які ўцягвае нас у штораз больш неўтаймаваны рытм жыцця, у штораз больш мітуслівую дзейнасць, не пакідаючы шансу на адпачынак, разважанне, больш глыбокае жыццё.
Эпідэмія — гэта своеасаблівае папярэджанне, але гэтая прымусовая ізаляцыя — і з яе балючымі аспектамі, і са станоўчымі — гэта абяцанне іншага жыцця.
Мне здаецца, што многія людзі так гэта адчулі», — сказаў у інтэрв’ю ватыканскаму радыё французскі іерарх.