Пошук

28.05.2020 16:54   Паводле: КАІ / Пераклад: Анастасія Грышан / Catholic.by
Эдуардо Верастэгі / Фота: Aciprensa.com

Мексіканскі акцёр і прадзюсер Эдуардо Верастэгі хоча сабраць як мінімум мільён чалавек на супольную малітву Ружанца ў нядзелю Спаслання Духа Святога ў інтэнцыі спынення пандэміі каранавірусу.

Як паведамляе Каталіцкае інфармацыйнае агенцтва КАІ, з гэтай мэтай ён 26 мая разаслаў сотні тысяч запрашэнняў праз розныя сацыяльныя сеткі.

Ініцыятыву 46-гадовага акцёра падтрымала Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў Мексікі.

Верастэгі, які вельмі папулярны ў Мексіцы, яшчэ ў сярэдзіне мая змог сабраць на супольны Ружанец каля 200 тысяч чалавек. Сёння, як гаворыцца ў яго акаўнце @EVerastegui ў Тwitter, яго мэта — каб 31 мая а 13-й гадзіне мільён чалавек адначасова памаліліся Ружанец.

Фота: Glaad.org

Таксама Папа Францішак заклікаў вернікаў ва ўсім свеце далучыцца да малітвы Ружанца. Супольны Ружанец адбудзецца ў суботу 30 мая ў 17.30. Пантыфік будзе маліцца ў Ватыканскіх садах. Гэтая падзея будзе транслявацца па ўсім свеце праз тэлебачанне і інтэрнэт.

Эдуардо Верастэгі ў 90-я гг. ХХ ст. распачаў кар’еру ў Галівудзе, але ў хуткім часе перажыў крызіс, пасля якога наблізіўся да каталіцкай веры і хацеў стаць місіянерам у Амазоніі.

Знаёмы святар параіў яму замест Амазоніі абраць сваёй місійнай тэрыторыяй Галівуд.

Пасля Верастэгі заснаваў кампанію, дзе ствараў фільмы, пасланнем якіх былі хрысціянскія каштоўнасці і абарона жыцця: «Бэла», «Малое», «Крыстыяда», які распавядае пра грамадзянскую вайну ў Мексіцы. Фільмы карысталіся вялікай папулярнасцю на міжнародных кінафестывалях.

Перад пачаткам пандэміі стала шырока вядома, што Верастэгі ў сваім родным горадзе Сьюдад-Мантэ вырашыў збудаваць 77-метровую фігуру Хрыста. З гэтага ж часу ён падтрымлівае з дапамогай збору грошай праекты дабрачыннага каталіцкага таварыства Caritas у Мексіцы, скіраваныя на пераадоленне пандэміі каранавірусу.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.