З аўторка 26 мая санктуарый у Фаціме, які быў зачынены для пілігрымаў з 14 сакавіка з-за эпідэміі каранавірусу, зноў могуць наведваць вернікі.
Як са спасылкай на рэктарат санктуарыя паведамляе Каталіцкае інфармацыйнае агенцтва КАІ, у першую чаргу будзе адкрыты доступ для пілігрымаў у музейныя часткі. Затым у суботу ў Фаціме будзе адноўлена цэлебрацыя святой Імшы з удзелам вернікаў.
У бліжэйшыя тыдні большасць набажэнстваў будзе арганізоўвацца на галоўнай плошчы санктуарыя або ў базыліцы Найсвяцейшай Тройцы, якая з’яўляецца самай вялікай святыняй Партугаліі.
Умовай удзелу ў набажэнствах у Фаціме будзе нашэнне масак. Іх можна будзе здымаць толькі ў момант прыняцця святой Камуніі.
Святары будуць удзяляць яе, кладучы гостыю на далонь таго, хто прыступае да Эўхарыстыі.
Сёлета 13 мая святкаванне гадавіны аб’яўленняў, якія адбыліся ў 1917 г., упершыню ў гісторыі санктуарыя ў Фаціме прайшло без удзелу пілігрымаў. Хоць гэта дазваляў урад Партугаліі, але рэктарат санктуарыя не рашыўся на масавы ўдзел вернікаў, патлумачыўшы, што не мае магчымасці выканання санітарна-эпідэміялагічных патрабаванняў.