Ізраільскія археолагі падчас правядзення раскопак у непасрэднай блізкасці ад Заходняй сцяны знайшлі цэлую серыю маленькіх падземных камер, прызначэнне якіх пакуль застаецца загадкай.
Як паведамляе «Российская газета» са спасылкай на Associated Press, ізраільскія археолагі прадставілі вынікі раскопак, праведзеных у падзямеллях Храмавай гары. Працы праводзіліся місіяй Упраўлення старажытнасцяў Ізраіля.
Археолагі адкрылі новыя ўчасткі вялікай сеткі старажытных падземных праходаў, якія пралягаюць у непасрэднай блізкасці ад Заходняй сцяны.
Адзін з яе ўчасткаў сусветна вядомы як Сцяна Плачу.
Раскопкі стартавалі ў мінулым годзе. Археолагі вырашылі даследаваць рэшткі позняга візантыйскага будынка, размешчанага прыкладна ў 35 м ад падмурку сцяны. Пачалося ўсё з даследавання простай плітачнай падлогі, выбрукаванай белай мазаікай.
Менавіта пад ёй быў знойдзены цэлы шэраг маленькіх камер, выбітых у пародзе. У гэтых нішах знайшлі гліняныя масленыя лямпы і кубкі, вырабленыя з вапняку, якія захаваліся цалкам і фрагментарна.
Датаванне паказала, што іх узрост складае прыкладна 2 тысячы гадоў. Навукоўцы лічаць, што знойдзеныя падземныя памяшканні з'яўляюцца іх аднагодкамі, значыць яны былі высечаны ў скальнай пародзе таксама каля 2 тысяч гадоў таму.
Як адзначыў кіраўнік раскопак Барак Монніккендам-Гівон, ніколі раней у гэтым старажытным горадзе не знаходзілі падобнай сеткі маленькіх падземных камер.
Па яго словах, яны «вельмі загадкавыя». Навукоўцы пакуль не ведаюць, для чаго выкарыстоўваліся гэтыя маленькія камеры.
Падземныя археалагічныя раскопкі праходзяць на глыбіні прыкладна 6-7 м. Даследчыкі спадзяюцца, што знаходжанне новых прадметаў, такіх, як фрагменты касцей і керамікі, дапаможа праліць святло на паўсядзённае жыццё ў Ерузалеме да яго разбурэння Рымам у 70 годзе н.э.