Пошук

19.05.2020 15:31   Паводле: Еkai.pl / Catholic.by
Ілюстрацыйная выява doctor-cardiologist.ru

Каталіцкі інстытут правоў чалавека і сям’і (C-FAM) папярэджвае, што надзвычайная сітуацыя, якая запанавала ў свеце ў сувязі з пандэміяй каранавірусу, наўмысна выкарыстоўваецца дзеля лобі абортаў, каб распаўсюджваць абарцыйныя таблеткі. Яны дазваляюць жанчыне самой, без нагляду лекара, рабіць аборты дома.

Пра гэта паведамляе агенцтва КАІ. Нягледзячы на рызыку ўскладненняў са здароўем, што, як правіла, з’яўляюцца пабочным эфектам прыняцця медыкаментаў, якія выклікаюць выкідыш, прыхільнікі шырокага доступу да абортаў спрабуюць пераканаць урады краін Заходняй Еўропы, што доступ да такога роду «паслуг» з’яўляецца неабходным, а працэс «дэмедыкалізацыі» аборту вельмі патрэбны.

Каталіцкі інстытут правоў чалавека і сям’і адзначае, што брытанскі ўрад у межах перагляду сваёй палітыкі ў галіне аховы здароўя дазволіў жанчынам да 10-га тыдня цяжарнасці купляць абарцыйныя таблеткі па пошце.

Новыя правілы ліквідуюць неабходнасць скіравання жанчыны на аборт лекарам. Каб атрымаць таблеткі, жанчыне, якая жадае зрабіць аборт, трэба толькі патэлефанаваць медсястры або акушэрцы. Тады, згодна з формулай «зрабі сам», можна самастойна справакаваць аборт у хатніх умовах.

Адным з аргументаў прыхільнікаў абортаў на карысць «неабходнасці» забойства дзіцяці з’яўляецца адзначаны ў часы прымусовай ізаляцыі рост хатняга гвалту. Але прадстаўнікі Брытанскай асацыяцыі абароны ненароджаных дзяцей (SPUC) адзначаюць, што менавіта гэтыя новыя правілы правакуюць сітуацыі, калі агрэсіўныя партнёры прымушаюць жанчын звяртацца па таблеткі для абортаў. «Мы ведаем, што хатні гвалт з’яўляецца велізарным паказчыкам абортаў», — сказала Антонія Таллі з гэтай асацыяцыі.

Таксама Міністэрства аховы здароўя Францыі паслабіла законы аб выкарыстанні таблетак для абортаў і дазволіла выкарыстоўваць іх дома самастойна. Гэта можа зрабіць жанчына да дзявятага тыдня цяжарнасці. Чыноўнікі апраўдваюць змяненне палітыкі абмежаваным доступам да медыцынскіх паслуг падчас пандэміі і каранціннай сітуацыі.

Абаронцы жыцця адзначаюць, што ў краінах, дзе падкрэсліваецца, што аборт павінен быць «бяспечным», а яго выкананне кантралюецца ліцэнзаванымі лекарамі ў клінічных умовах, сёння прапагандуецца «дэмедыкалізацыя» абортаў.

Жанчын запэўніваюць, што яны самі могуць зрабіць аборт у хатніх умовах, нават калі закон забараняе гэта.

Больш за тое, прыхільнікі абортаў з гатоўнасцю спасылаюцца ў сваёй аргументацыі на аўтарытэт Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, якая ўхваляе такія дзеянні, заўважае Брытанская асацыяцыя абароны ненароджаных дзяцей.

Рэалізацыя пастулату «дэмедыкалізацыі» абортаў, які ідзе побач з намаганнямі фемінісцкіх колаў вярнуць жанчынам «кантроль над сваім целам», нечакана сутыкнулася з перашкодай. Кампаніі, якія вырабляюць таблеткі для абортаў, таксама пацярпелі ад пандэміі, і іх прадукцыйныя магчымасці моцна абмежаваныя.

Абноўлена 19.05.2020 15:57
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа