Пошук

17.05.2020 14:12   Паводле: Vatican News / Catholic.by
Ілюстрацыйная выява: Kalika FM

Навукоўцы з Оксфардскага ўніверсітэта вядуць даследаванні, якія датычаць вакцыны ад каранавірусу. Паводле іх меркаванняў, яна можа быць гатовая ўжо ў верасні.

Як паведамляе польская рэдакцыя парталу Vatican News, яны выкарыстоўваюць у сваіх даследаваннях клеткі чалавечага плоду, атрыманага ў выніку аборту. Гэтаму супрацьстаяць прадстаўнікі каталіцкіх біяэтычных колаў з Вялікабрытаніі і ЗША.

«Урады павінны імкнуцца фінансаваць даследаванні і закупаць бясспрэчныя ў маральным сэнсе вакцыны, з мэтай як падтрымкі маральна чыстых даследаванняў, так і прапановы вакцын, якія грамадзяне могуць прыняць з чыстым сэрцам», — заўважае доктар Хэлен Уотт з оксфардскага Цэнтра біяэтыкі Anscombe.

У размове з парталам Crux яна адзначыла, што «прыняцце вакцын, якія створаны маральна непрымальным спосабам, — пытанне сумлення, католікі павінны вырашаць у святле навучання Касцёла».

Як адзначае Джозеф Міні з Нацыянальнага каталіцкага цэнтра біяэтыкі (NCBC) у Філадэльфіі, існуюць іншыя метады вырабу вакцын. Клеткі чалавека, забітага ў ранняй фазе развіцця, не з’яўляюцца ніякім чынам неабходнымі для працэсу стварэння вакцын, а галоўнай прычынай іх выкарыстання «з’яўляецца выгада». У яго рапарце гаворыцца таксама, што «зварот да добрых мэтаў і “пільнай патрэбы” будзе садзейнічаць глыбейшаму пранікненню неэтычных даследаванняў і распрацовак у сферы медыцыны, палітыкі, праве і культуры».

Навуковец спасылаецца на ватыканскі дакумент Dignitas Personae ад 2008 г., які кажа, што нельга беспакарана парушаць законы прыроды, але прызнаецца таксама, што ёсць розніца ў адказнасці.

4 чэрвеня Вялікабрытанія будзе гаспадаром віртуальнага міжнароднага форуму, прысвечанага паскарэнню даследаванняў, якія датычаць вакцыны ад каранавірусу.

Брытанцы першыя ў Еўропе падрыхтавалі вакцыну ад Covid-19 i распачалі яе тэставанне на людзях.

Абноўлена 17.05.2020 14:14
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа