Пошук

12.05.2020 17:20   Паводле: КАІ / Пераклад і адаптацыя: Мікола Гракаў / Catholic.by
Ілюстрацыйнае фота: Getty іmages

Біскупы Англіі і Уэльса лічаць, што абнародаваныя ў панядзелак 11 мая планы ўраду па выхадзе з каранціну, звязанага з пандэміяй каранавірусу, не бяруць пад увагу духоўных патрэб людзей.

Як паведаміла з Лондана Каталіцкае інфармацыйнае агенцтва КАІ, згодна з планамі брытанскага ўраду, якія прадугледжваюць тры этапы паступовага зняцця абмежаванняў, адкрыццё святынь для вернікаў можа адбыцца не раней за трэці этап, што плануецца на ліпень, але ў выніку будзе залежаць ад развіцця эпідэміялагічнай сітуацыі і адносін грамадства. Такі падыход крытыкуюць каталіцкія біскупы Англіі і Уэльса ў паведамленні, апублікаваным непасрэдна ў адказ на дырэктывы ўладаў.

«Час і спосаб адкрыцця касцёлаў закранаюць глыбокія пачуцці вернікаў і іх духоўныя патрэбы. Дакумент і прадпісанні ўладаў не бяруць гэтага пад увагу», — пішуць у сваім паведамленні іерархі. Разам з тым яны заяўляюць пра сваю гатоўнасць працягваць супрацоўніцтва дзеля дабра Касцёла і грамадства, каб даць вернікам магчымасць як найхутчэй і як мага больш бяспечна зноў прыйсці ў святыні.

«У дыялогу з уладамі Каталіцкі Касцёл будзе працягваць свой удзел у гэтым працэсе і ўжо прадставіў падрабязны план адкрыцця касцёлаў для прыватнай малітвы, які цалкам адпавядае прынцыпам аховы грамадскага здароўя. Касцёл гатовы выканаць усе заданні, якія ставяцца перад ім, разумеючы, што гэта ўключае як мага хутчэйшае выкарыстанне святынь для прыватнай малітвы як першы бяспечны крок да іх выкарыстання для публічнага культу», — гаворыцца ў паведамленні.

Паводле рашэння ўраду, усе святыні і месцы малітвы ў Вялікабрытаніі без выключэння застаюцца закрытымі з 23 сакавіка.

Шмат мясцовых католікаў мелі надзею, што гэтыя абмежаванні будуць знятыя на больш ранніх этапах выхаду з каранціну, таксама, як і ў іншых краінах.

Абноўлена 12.05.2020 17:45
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця