Супольнай малітвай за мір прадстаўнікі Каталіцкага Касцёла і іншых хрысціянскіх супольнасцяў Германіі ўшанавалі 8 мая 75-ю гадавіну заканчэння Другой сусветнай вайны ў Еўропе.
Як паведамляе Каталіцкае інфармацыйнае агенцтва КАІ, у галоўнай евангелісцкай кірхе Берліна старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Германіі біскуп Георг Бэтцінг і старшыня Рады евангелісцкіх супольнасцяў у Германіі Гейнрых Бэдфард-Штром выказаліся супраць спробаў аддзяліць «тлустай рысай» памяць пра падзеі Другой сусветнай вайны.
Біскуп Георг Бэтцінг нагадаў, што толькі ў Еўропе загінулі 50 млн чалавек, сярод якіх «некалькі мільёнаў габрэяў, цыганоў, палітычных апанентаў, ахвяраў гітлераўскіх канцэнтрацыйных лагераў і лагераў смерці».
На думку іерарха, гэта стала «поўным маральным банкруцтвам» тагачаснага грамадства.
Гейнрых Бэдфард-Штром падкрэсліў безумоўную адказнасць Германіі за вайну. «Насуперак забыццю і ўсялякаму рэлятывізму мы кажам: так, мы былі адказныя. Усю Еўропу і значную частку свету мы ўвагналі ў бядоту», — падкрэсліў евангелісцкі пастар. Аднак пачуццё віны не прывяло да вечнага адкідання, дадаў ён. «Нашыя былыя ворагі вярнуліся да нас і сталі нашымі сябрамі», — сказаў ён, выказаўшы пры гэтым удзячнасць за тое, што «некаторыя з нашых братоў габрэяў засталіся, многія вярнуліся ў краіну, якая прычыніла ім столькі неверагоднага зла, і працягнулі руку прымірэння».
«Не дапусцім жа больш ніколі таго, каб зноў распаўсюджваўся злы дух, з якога ўзніклі мільёны забойстваў», — заклікаў кіраўнік Рады нямецкіх евангелісцкіх супольнасцяў.
У сваю чаргу біскуп Герог Бэтцінг зазначыў, што мір немагчыма так проста «арганізаваць». Для гэтага патрэбныя людзі, «якія нясуць у сабе надзею, паколькі яны ўпэўненыя, што не адны, а што ім спадарожнічае Бог, Ягоны Дух». Іерарх нагадаў пра сучасныя выклікі міру: войны ў Сірыі і ў іншых краінах Блізкага Усходу, ва Украіне, а таксама пра тых, хто гіне ў Міжземным моры.
Кіраўнік Рабочай групы хрысціянскіх Цэркваў у Германіі праваслаўны святар Раду Канстанцін Мірон заахвоціў «супрацьстаяць злу і выступаць у падтрымку справядлівасці і прымірэння».
У набажэнстве, якое трансліравалася па тэлебачанні, брала ўдзел таксама кантарка Авіталь Герштэтэр з юдэйскай супольнасці Берліна. Яна прачытала ўрывак з Бібліі, а таксама выканала юдэйскі малітоўны спеў. З увагі на абмежаванні, звязаныя з пандэміяй, набажэнства ў Берліне прайшло без удзелу вернікаў.