Пошук

08.05.2020 12:44   Паводле: КАІ / Фота: domjp2.pl / Падрыхтаваў: Мікола Гракаў / Catholic.by

З 8 мая стала магчымым здзейсніць віртуальнае наведванне роднага дома святога Яна Паўла ІІ у Вадавіцах.

Дзякуючы спецыяльнаму сервісу кожны жадаючы можа пазнаёміцца з пастаяннай экспазіцыяй дома на вуліцы Касцёльнай 7 у польскім горадзе Вадавіцы, дзе 18 мая 1920 года з’явіўся на свет Караль Вайтыла — будучы Папа Ян Павел ІІ. Як зазначае Каталіцкае інфармацыйнае агенцтва КАІ, гэта стала магчымым у сувязі з набліжэннем 100-й гадавіны з дня нараджэння Вялікага Папы.

Сервіс даступны на англійскай мове, а таксама па-польску, па-французску, па-італьянску і па-іспанску.

Як гаворыць супрацоўніца музея Магдалена Маслёна, многія планавалі ў гэтыя дні наведаць гэтае асаблівае месца. З Вадавіцаў павінна была пачацца таксама агульнабеларуская пілігрымка па слядах святога Яна Паўла ІІ, адмененая ў сувязі з пандэміяй каранавірусу.

Цяпер жа ёсць магчымасць прынамсі віртуальна наведаць родны дом Караля Вайтылы ў Вадавіцах.

Сучасная мультымедыйная выстава запрашае наведвальнікаў у віртуальнае падарожжа па жыцці чалавека, які шмат у чым змяніў аблічча сучаснага свету. Своеасаблівым «сэрцам музея» з’яўляецца кватэра, у якой сям’я Вайтылаў жыла з 1919 па 1938 год. Тут можна ўбачыць прыгожыя сурвэткі, зробленыя рукамі Эміліі Вайтылы, яе срэбную торбачку і залаты медальён, арыгінальны сталовы набор і фотаздымкі з сямейнага альбома.

Праходзячы па 16-і залах музея, наведвальнікі знаёмяцца з Вадавіцамі ў міжваенную пару, з лёсам мясцовай габрэйскай супольнасці, з Кальварыяй Зэбжыдоўскай і вялікай любоўю Яна Паўла ІІ да гор.

«Разам з Каралем мы перажываем смерць маці і адыход брата, а таксама выезд на вучобу ў Кракаў, вайну, цяжкую фізічную працу і адказ на яго пакліканне да святарства; мы знаёмімся з Каралем Вайтылам святаром, пазней — біскупам і кардыналам, каб, нарэшце, стаць удзельнікамі падзей, што мелі месца 16 кастрычніка 1978 года», — апавядае Магдалена Маслёна.

У зале, прысвечанай замаху на жыццё Яна Паўла ІІ 13 мая 1981 года, можна ўбачыць адзін з найважнейшых экспанатаў — арыгінальны пісталет Браўнінг НР калібру 9 міліметраў, з якога Алі Агджа страляў у Папу на плошчы Святога Пятра.

«З дапамогаю памятных рэчаў і ўспамінаў пра пілігрымкі на Радзіму мы ўваходзім у пасланне ягонага вучэння, сімвалічным выразам якога сталі словы „Не бойцеся! Адчыніце насцеж дзверы Хрысту!“, а потым наведваем найдалейшыя закуткі свету, прадстаўленыя на вадавіцкай зямлі, на якой вырас будучы Папа», — гаворыць супрацоўніца вадавіцкага музея.

Яна дадае, што экскурсія завяршаецца своеасаблівым тэстамэнтам Яна Паўла ІІ, які павінен нагадаць наведвальнікам пра тое, што, хоць фізічна Папа адышоў, яго вучэнне застаецца жывым.

Музей у родным доме святога Яна Паўла ІІ штогод наведвае каля чвэрці мільёна чалавек. Застаецца спадзявацца, што з паляпшэннем эпідэміялагічнай сітуацыі таксама вернікі і пілігрымы з Беларусі наведаюць яго ўжо не віртуальна, а рэальна аддадуць даніну памяці і пашаны Вялікаму Папу-славяніну.

Распачаць віртуальнае наведванне роднага дома святога Яна Паўла ІІ можна ТУТ>>>

Абноўлена 08.05.2020 13:02
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця