«На жаль, меркаванне адносна таго, быццам толькі ў святарстве ці манастве чалавек любіць Бога цалкам, умацоўвае пачуццё страху і імкненне пазбягаць Яго», — піша Крыштаф Савінскі, польскі евангелізатар з супольнасці «Голас Пана».
Пост Савінскага на гэтую тэму ў Facebook прыводзіць Deon.pl:
Ці ёсць у сужэнстве месца для Бога?
У апошні час я чытаў у дыскусіях на тэму служэння Богу, сужэнства і цэлібату, што ёсць толькі два шляхі ў жыцці. Адзін з іх — службовае святарства, значыць «поўная адданасць Богу». Другі — сужэнства, значыць «поўная адданасць іншай асобе».
Пры такім падыходзе сужэнцы не могуць цалкам прысвяціць сябе Богу, бо ўжо няма на гэта месца, часу і магчымасці. Бо яны Яму ўжо не належаць...
З’яўляюцца дзіўныя сцвярджэнні, чый тон (!!!) для «нармальных католікаў» гучыць так: калі хтосьці жэніцца, не любіць Бога на 100%. Толькі святары (прэзбітэры!) любяць на 100%, цалкам. Падзел на «эліту і плебс» умацоўваецца. У такім выпадку першая запаведзь любові скіраваная галоўным чынам да іх: Любі Пана Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёй душой тваёй, і ўсім розумам тваім (Мц 22, 37). Ніхто іншы не можа спаўняць гэтай запаведзі.
Любыя сужонкі! «Добрая навіна» гучыць так: ты не мусіш любіць Бога, бо ўжо любіш чалавека, і гэты чалавек замяніў табе Бога. Прэзбітэры і сёстры законныя павінны любіць Бога за Цябе, таму навошта ты яшчэ будзеш старацца Яго любіць? (Увесь абзац — гэта сарказм)
Ці так сапраўды кажа Касцёл?
Мяне засмучае падобнае меркаванне. Неаднойчы, звяртаючыся да маладых людзей, я казаў: калі пойдзеш за Богам на 100% i аддасі Яму УСЁ сваё жыццё, будзеш сапраўды шчаслівым. Толькі тады. Я ведаю, што гэта праўда!
На жаль, тое меркаванне, быццам толькі ў святарстве ці манастве чалавек любіць Бога цалкам, умацоўвае пачуццё страху і імкненне пазбягаць Яго. Чаму? Бо шмат людзей хацела б любіць Бога ўсім сэрцам. Шукаць Яго і ісці за Ім.
Аднак, не маючы паклікання да святарства, яны баяцца распачаць развіццё сваіх адносін з Богам, бо, паводле думкі, укаранёнай у іх, адзіным магчымым шляхам з’яўляецца семінарыя або манаская супольнасць.
Кароткі прыклад: людзі, якія ходзяць у касцёл часцей, чым раз на тыдзень, паступаюць паводле вучэння Святога Пісання ў сваім жыцці, ад «звычайнага католіка» чуюць: збіраешся быць ксяндзом?, ты сектант?.. Такое мысленне глыбока ўкаранёнае ў традыцыйным грамадстве!
Гэта вынік многіх гадоў мыслення, вельмі далёкага ад мыслення Хрыста, які, аднак, кажа: прыйдзіце да Мяне УСЕ.
Не толькі прэзбітэры. Не толькі законніцы. УСЕ могуць ісці за Богам па максімуме. Пра гэта піша таксама Папа Францішак у адгартацыі Gaudete et Exsultate («Радуйцеся і весяліцеся»).
Святасць — для кожнага! Толькі спосабы перажывання і ўзрастання ў святасці розныя. Сэрца чалавека можа належаць толькі АДНАМУ, і, канечне, ніякаму стварэнню. Тады чакаюць яго толькі хаос і распад...
Mаё сэрца належыць Богу і толькі дзякуючы гэтаму можа належаць маёй жонцы.
Магу яе любіць сапраўднай любоўю толькі тады, калі з’яднаны з Богам і ўзрастаю ў адносінах з Ім. Кожны раз, калі ад Яго адыходжу, — мая любоў да маёй жонкі слабне, а не ўзрастае! Без Яго — ніякая чалавечая любоў не мае шанцу дасягнуць дасканаласці. Гэта проста немагчыма для чалавека. Для Бога, у сваю чаргу, рэчаў немагчымых няма.
На здымку — я і мая жонка. Калі б яна была маёй канчатковай мэтай — мы скончылі б марна, абое. Чалавек не можа замяніць Бога і не можа задаволіць тое найглыбейшае жаданне, якое кожны з нас мае. Жаданне паўнаты.
Паўната? Сапраўдная Камунія.