27 красавіка адзначалася свята Маці Божай з Мансэрата, Апякункі Каталоніі і адной з дзевяці заступнікаў Іспаніі. У гэтым годзе з прычыны пандэміі ўрачыстасці мелі надзвычай сціплы характар.
Як паведамляе польская рэдакцыя парталу Vatican News, назва Мансэрат паходзіць з каталонскай мовы і азначае «вышчарблены ўзгорак», ці гара, якая нагадвае пілу, з зубцамі, скіраванымі да неба.
Гісторыя санктуарыя пачалася ў 880 г., калі маленькія пастухі ўбачылі святло, якое сыходзіла з неба і асвятляла гару.
Таксама была чутная прыгожая мелодыя.
Калі з’ява паўтарылася ў наступныя некалькі субот, было вырашана пайсці на вяршыню гары. У адной з пячораў была знойдзена фігура Маці Божай.
Біскуп Манрэсы загадаў пабудаваць касцёл, які даў пачатак сённяшняму кляштару бэнэдыктынаў. У Мансэрат пачалі прыбываць пілігрымы з усёй Еўропы. Гэтае месца наведвалі многія святыя, у тым ліку Раймунд Пеньяфорцкі, Антоній Марыя Клярэт, Ігнацый Лаёла, Ян Павел ІІ.
12 верасня 1881 г. Папа Леў XIII абвясціў Маці Божую з Мансэрата Апякункай Каталоніі.
«Mарэнета», ці Чорная Мадонна, з’яўляецца адной з дзевяці заступнікаў аўтаномных рэгіёнаў у Іспаніі і сімвалам хрысціянскай гісторыі Каталоніі.