Пасля таго, як у нядзелю ўвечары прэм’ер-міністр Італіі пазнаёміў з планамі паступовага аслаблення абмежаванняў, звязаных з пандэміяй каранавірусу, італьянскія біскупы выступілі з рашучым пратэстам супраць далейшага дзеяння забароны на правядзенне публічных цэлебрацый у касцёлах.
З выступлення кіраўніка ўраду стала вядома, што пакуль не прадугледжана магчымасць правядзення публічных набажэнстваў, за выключэннем пахаванняў.
Як паведаміла польская рэдакцыя парталу Vatican News, італьянскія біскупы лічаць гэта парушэннем свабоды культу, з чым Касцёл не можа пагадзіцца.
Заданне грамадскіх уладаў заключаецца ва ўсталяванні санітарных норм, а ў кампетэнцыі Касцёла знаходзіцца арганізацыя жыцця хрысціянскіх супольнасцяў у адпаведнасці з усталяванымі нормамі, але пры захаванні яго поўнай аўтаноміі, сказана ў заяве італьянскага епіскапату.
У ёй біскупы падкрэсліваюць, што удзел у служэнні бедным, такі патрэбны ў гэты час эпідэмічнай пагрозы, нараджаецца з веры, якая чэрпае сілы са сваіх крыніц, у прыватнасці — з сакрамэнтальнага жыцця. Італьянскія біскупы прызнаюцца, што на працягу некалькіх тыдняў вялі перамовы з урадам па гэтым пытанні. Рашэнне ўладаў аб забароне Імшаў з удзелам народу яны лічаць беспадстаўным.