Бостанская архідыяцэзія сабрала групу святароў, якія жывуць побач са шпіталямі, каб здзяйсняць намашчэнне пацыентаў шпіталяў, хворых на каранавірус.
Ксёндз Том Макдональд, прарэктар семінарыі святога Яна ў Бостане (ЗША), з’яўляецца адным са святароў, якія дабравольна прапанавалі паўдзельнічаць у гэтым заданні. «Гэта цудоўны вопыт нашага братэрства — жыць у гэтым доме. Гэта ўсё адно што, я б сказаў, быць пажарным у пажарнай частцы. Мы тут, нам тэлефануюць, мы ідзем і вяртаемся», — распавёў ён CNA.
Дабравольцы жывуць у спецыяльных дамах разам з іншымі святарамі, іх адзінае прызначэнне заключаецца ў тым, каб быць даступнымі для сакрамэнту намашчэння хворых, паведаміў арцыбіскуп Бостанскі кардынал Шон О'Мэллі.
Група святароў распачала працу 18 красавіка.
Акруга Суффалк, дзе размешчаны Бостан, па стане на 24 красавіка мела каля 9 тысяч пацверджаных выпадкаў COVID-19.
«Мы ўдзячныя за тое, што нашы святары маюць магчымасць наведваць цяжкахворых у шпіталях, якія церпяць ад каранавірусу, і магчымасць здзяйсняць намашчэнне хворых», — сказаў CNА кардынал О'Мэллі.
«Гэта асабліва суцяшае сем'і, якім у гэты час не дазволена наведваць сваіх блізкіх у шпіталі, — дадаў іерарх. — Нашы святары лічаць гэта благаслаўленнем у сваім служэнні. Акрамя гэтага, мы атрымалі зваротную сувязь, што гэтыя візіты станоўча паўплывалі на персанал шпіталя».
Архідыяцэзія падрыхтавала ў цэлым каля 80 святароў для спаўнення гэтага служэння, прычым 30 з іх актыўна здзяйснялі намашчэнне, а астатнія служылі ў якасці падмацавання.
Ксёндз Макдональд быў выкліканы для намашчэння ўжо некалькіх пацыентаў з каранавірусам, і кожны раз персанал шпіталя дапамагаў яму апранаць і здымаць неабходны ахоўны касцюм у адпаведнасці са шпітальнымі правіламі.
Ён сказаў, што ўсіх святароў вучылі звесці да мінімуму час, праведзены ў палаце пацыента.
Святар моліцца большую частку рытуалу на парозе, затым уваходзіць, каб здзейсніць намашчэнне. Яно робіцца з дапамогай ватнага тампону, змочанага ў святым алеі, прычым намашчаецца нага пацыента.
«Вельмі цяжка быць святаром і не мець магчымасці ўдзяляць сакрамэнты для людзей, таму гэтая магчымасць — вялікая палёгка ў некаторым сэнсе: рабіць тое, што мы былі пасвячаны рабіць, — сказаў кс. Макдональд. — Мы вучым людзей у семінарыі, што святары бягуць у будынак, які гарыць, а не прэч ад яго».
Ксёндз Майкл Цымерман, памочнік дырэктара семінарыі па справах паклікання, адзначыў, што спадзяецца, што па ўсім Бостане распаўсюдзіцца навіна пра даступнасць намашчэння для пацыентаў з каранавірусам.
Ён папрасіў маліцца за пацыентаў, святароў і медперсанал.
«Мы не можам выратаваць усіх — медыцына можа зрабіць шмат, але не ўсё. У нейкай ступені мы павінны прызнаць, што мы не гаспадары свайго ўласнага лёсу і павінны аддаць яго ў рукі Бога, — дадаў ён. — Медперсанал робіць вялікую працу, але мы таксама павінны прызнаць, што яны не могуць зрабіць усё, і гэта, спадзяюся, здыме з іх некаторы ціск, даючы ім зразумець, што ўсё гэта ў руках Бога».