Пошук

27.04.2020 09:58   Паводле: Vatican News
Ілюстрацыйная выява: Аcidigital.com

Медыкі-католікі з Буэнас-Айрэса (Аргентына) выступілі са зваротам, у якім звярнулі ўвагу на праблему страху падчас пандэміі, якая становіцца не менш знішчальнай за саму хваробу.

«Сёння мы часта адчуваем страх таму, што адмаўляем нашу ўразлівасць і слабасць, і ў кантэксце хваробы гэта становіцца яшчэ больш відавочным», — цытуе словы са звароту аргентынскіх лекараў беларуская рэдакцыя парталу Vatican News.

У тэксце, падпісаным віцэ-старшынёй арганізацыі Элен Рытай Пасі, падкрэсліваецца, што гэтае пачуццё можна пераадолець толькі ласкай веры, сілай прыхільнасці да Хрыстовага Касцёла і яго вучэння.

Медыкі выказваюць удзячнасць усім, хто ва ўмовах цяперашняга крызісу праявіў гатоўнасць паклапаціцца аб хворых і такім чынам перад абліччам страху даў той адказ, які набліжае да святасці.

Аўтары звароту адзначаюць, што ў шматлікіх краінах доступ да медыцынскай дапамогі залежыць ад плацежаздольнасці, што яшчэ больш павялічвае страх перад заражэннем і ў канчатковым рахунку ператвараецца ў абвінавачанне іншага чалавека, успрыманага як непадобнага на нас.

«Вінаватымі лічаць лекараў, медсясцёр, санітараў, паколькі, клапоцячыся пра пацыента, яны могуць заразіцца. Абвінавачванні гучаць у адрас суседа, таму што ён з іншай краіны, у адрас чалавека іншай нацыянальнасці ці культуры, — лічыцца, што яны могуць заразіць», — звяртаюць увагу аргентынскія медыкі.

Усе абвінавачванні — гэта крык маральна нездаровага грамадства, якое не баіцца дыскрымінаваць іншага.

Няма горшага рабства, чым рабства страху, падкрэсліваюць аўтары паслання, адзначаючы, што страх можа выявіць тое горшае, што ёсць ва ўсіх нас.

Абноўлена 27.04.2020 10:02
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця