1 мая біскупы Італіі даручаць Марыі свой народ, а асабліва тых, хто вядзе барацьбу з эпідэміяй каранавірусу, і тых, хто ад яе церпіць.
Як паведаміла італьянская рэдакцыя парталу Vatican News, урачысты акт даручэння Багародзіцы адбудзецца ў марыйным санктуарыі Санта-Марыя-дэль-Фонтэ каля Караваджа ў Ламбардыі — рэгіёне, які найбольш пацярпеў ад эпідэміі.
Шмат іншых народаў былі даручаны апецы Маці Божай ужо ў першыя тыдні эпідэміі. Кіраўнік беларускага каталіцкага епіскапату прысвяціў Беларусь Беззаганнаму Сэрцу Марыі 25 сакавіка, ва ўрачыстасць Звеставання Пана. Тое самае здзейснілі біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч і іншыя пастыры Касцёла на Беларусі.
Старшыня Біскупскай Канферэнцыі Італіі кардынал Гуалцьеро Басэцці прызнаўся, што здзейсніць падобнае даручэнне Марыі іерархаў заахвоцілі свецкія вернікі.
«Я павінен сказаць, што часам свецкія вернікі апярэджваюць сваіх пастыраў, якія потым дастасоўваюцца да іх просьбаў. Я сам атрымаў каля 300 паведамленняў, лістоў, мэйлаў ад вернікаў, ад самых розных людзей, якія просяць мяне аб прысвячэнні, ці, хутчэй, аб даручэнні Марыі нашай краіны», — паведаміў кіраўнік італьянскага епіскапату Ватыканскаму радыё.
«Я вывучыў гэтае пытанне, параіўся з маімі супрацоўнікамі і прыйшоў да высновы, што мы павінны адказаць на гэтыя просьбы.
Гэты адказ стане выразам нашай веры і любові да Маці Божай, а таксама пакорнай просьбай, каб Яна ахоўвала нас пад сваім плашчом, як мы гэта часта бачым на прыгожых абразах Маці Міласэрнасці XV стагоддзя», — дадаў іерарх.