25 сакавіка, ва ўрачыстасць Звеставання Пана, увесь свет маліўся разам з Папам Францішкам аб выбаўленні ад каранавірусу, а таксама адбылося прысвячэнне Беларусі Беззаганнаму Сэрцу Марыі.
У мінскім катэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі ўрачыстае набажэнства ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі. Яно распачалося з выстаўлення Найсвяцейшага Сакрамэнту, перад якім была прачытана Літанія да Найсвяцейшай Панны Марыі, узнесены просьбы аб заступніцтве святых абаронцаў ад хвароб і эпідэмій, а таксама праспявана старажытная малітва Суплікацыі «Святы Божа».
Пасля адарацыі ў маўчанні роўна апоўдні, калі гадзіннік на сталічнай ратушы біў дванаццаць разоў, удзельнікі набажэнства па ініцыятыве Папы Францішка разам памаліліся «Ойча наш» у інтэнцыі прадухілення пандэміі.
Пасля гэтага кіраўнік беларускага каталіцкага епіскапату прачытаў малітоўны Акт прысвячэння Беларусі Беззаганнаму Сэрцу Марыі і ўдзяліў благаслаўленне Найсвяцейшым Сакрамэнтам на чатыры бакі свету.
Арцыпастыр адзначыў, што малітва «Ойча наш», якой Папа Францішак заклікаў у гэты дзень маліцца ўсіх хрысціянаў у інтэнцыі выбаўлення свету ад пандэміі, адзіная і аднолькавая для ўсіх вызнаўцаў Хрыста: католікаў, праваслаўных і пратэстантаў.
«Важна, каб усе мы як дзеці аднаго нябеснага Айца разам з усімі нашымі братамі і сёстрамі ў Хрысце ва ўсім свеце супольна прасілі Бога аб ласцы выбаўлення ад заразнай хваробы, ахвярамі якой ужо сталі тысячы людзей у розных краінах», — падкрэсліў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, які адразу пасля набажэнства ўзначаліў цэлебрацыю ўрачыстай святой Імшы.
У прамоўленым Божым слове іерарх засяродзіў увагу на асобе Найсвяцейшай Панны Марыі, пакорнай Слугі Пана, гатовай выканаць Яго святую волю.
«Мы ведаем, як цяжка выконваць чужую волю. У краінах, дзе ўведзены жорсткі каранцін, людзі не жадаюць падпарадкоўвацца распараджэнням медыкаў, службаў аховы здароўя і ўладаў. Часта мы таксама не хочам падпарадкоўвацца і Божай волі, прыняць яе так, як зрабіла гэта Марыя», — зазначыў арцыбіскуп.
Ён дадаў, што пандэмія каранавірусу прымушае сёння задумацца над сэнсам жыцця, перагледзець іерархію каштоўнасцяў, каб убачыць тое, што сапраўды істотна, каб нанава адкрыць у жыцці бязмежную Божую любоў і адказаць на яе па прыкладу Найсвяцейшай Панны Марыі.
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч завяршыў гамілію малітваю:
«Божа, просім Цябе, няхай арханёл Габрыэль, які звеставаў Панне Марыі і ўсяму свету Добрую Навіну аб Нараджэнні Збаўцы, як найхутчэй прынясе нам добрую навіну пра выбаўленне свету ад пандэміі каранавірусу. Просім Цябе аб гэтым праз заступніцтва Найсвяцейшай Панны Марыі, якой мы сёння даручылі нашу Бацькаўшчыну і наш народ. Амэн».
Не паддаючыся атмасферы страху заражэння, у набажэнстве і святой Імшы ў архікатэдры ўзялі ўдзел шматлікія вернікі. Дзякуючы прамой трансляцыі на партале Catholic.by і на «Радыё Марыя» да іх далучыліся таксама сотні людзей у сваіх дамах.