Пошук

26.03.2020 12:29   Паводле: Кс. Юрый Марціновіч / Grodnensis.by
Фота: grodnensis.by

25 сакавіка ў рэктаральным касцёле Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі (пабрыгіцкі) у Гродне, дзе ў гэты дзень адзначалася адпустовая ўрачыстасць, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч падчас выстаўлення Найсвяцейшага Сакрамэнту прачытаў Акт прысвячэння Беларусі Беззаганнаму Сэрцу Марыі згодна з распараджэннем Старшыні ККББ.

Як паведамляе партал Grodnensis.by, на малітве сабраліся святары, сёстры законныя з Кангрэгацыі Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта, якая шмат гадоў апякуецца святыняй, і жыхары горада.

Апоўдні прысутныя з’ядналіся ў малітве словамі, якім навучыў Пан Езус Хрыстус, прамовіўшы разам «Ойча наш».

Потым біскуп удзяліў благаслаўленне Найсвяцейшым Сакрамэнтам прысутным і ўсёй Беларусі, благаслаўляючы на чатыры бакі свету.

Пасля гэтага адбылася святая Імша, цэлебрацыю якой узначаліў біскуп Кашкевіч, просячы аб далучэнні да малітвы ў інтэнцыі спынення эпідэміі каранавірусу, у інтэнцыі хворых, медыцынскіх і санітарных службаў, памерлых і іх сем’яў.

Адначасова іерарх падкрэсліў, што час рэальнай пагрозы жыццю, які перажываецца зараз, мабілізуе да пошуку спосабаў захавання жыцця, а таксама пабуджае да ўзаемнай малітвы.

З нагоды Дня святасці жыцця, які адзначаецца 25 сакавіка, біскуп пажадаў, каб наша ўзіранне ў святасць жыцця перараджалася ў канкрэтныя дзеянні, якія служаць абароне жыцця нашых бліжніх і нас саміх.

На заканчэнне ўрачыстасці рэктар касцёла ксёндз канонік Антоні Грэмза падзякаваў усім за прыбыццё і за супольную малітву.

Абноўлена 26.03.2020 12:59
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця