Пошук

16.04.2020 16:23   Паводле: Dominus.by / Catholic.by
Фота: Aleteia

У пошуках магчымасцяў забяспечыць духоўную і фізічную дапамогу асабліва ў Велікодны перыяд група італьянскіх медыкаў атрымала ад свайго біскупа дазвол удзяляць святую Камунію хворым на каранавірус.

Як паведамляе Dominus.by, згодна з артыкулам, апублікаваным 15 красавіка ў «Avvenire», штодзённай газеце Канферэнцыі італьянскіх біскупаў, шэсць медыкаў, якія даглядаюць пацыентаў з каранавірусам у шпіталі ў Прато ў Таскане, прадставілі гэтую ідэю святару і пасля атрымалі падтрымку ад біскупа Джавані Нербіні.

Біскуп Нербіні даў магчымасць шасцярым медыкам удзяліць святую Камунію на Вялікдзень больш чым 100 пацыентам.

«Я плакаў разам з пацыентамі. Шпіталі — гэта месца дапамогі, але мы не можам думаць пра тое, каб аддзяліць цела ад духа, — сказаў для «Avvenire» Філіппо Рысаліці, адзін з медыкаў, якія ўдзялялі Эўхарыстыю. — Я зразумеў, што ў барацьбе з каранавірусам нашы намаганні занадта засяроджаны на барацьбе з фізічнымі хваробамі пацыентаў».

Па словах Рысаліці, гэтая ідэя была натхнёная заклікам Папы Францішка да лекараў і медработнікаў «іграць ролю пасрэднікаў Касцёла для людзей, якія пакутуюць».

«Мы адзіныя, хто можа гэта зрабіць, паколькі толькі мы можам увайсці ў гэтыя пакоі», — дадаў ён.

Апрануты ў ахоўную амуніцыю, капелан шпіталя ксёндз Карло Бергамаскі суправаджаў медыкаў, якія ўдзялялі святую Камунію. Святар нёс цыборыюм з Целам Хрыста, раздзеленым паміж сабой марлевымі пракладкамі, каб пазбегнуць пераносу інфекцыі.

Рысаліці распавёў «Avvenire», што ён і іншыя медыкі разумеюць цярпенні пацыентаў з-за ізаляцыі.

«Яны самотныя людзі, якія пакутуюць не толькі целам, але і душой», — сказаў ён.

Іншы медык, Ларэнцо Гуардуччы, адзначыў, што для іх удзяленне святой Камуніі дапамагло вылечыць «двайное аддзяленне», таму што «адным з трагічных наступстваў гэтай пандэміі з’яўляецца ізаляцыя ад хворых, ад работнікаў аховы здароўя, ад усіх».

Многія медыкі, якія даглядаюць інфіцыяваных каранавірусам, не могуць вярнуцца дадому, каб не заразіць сваіх блізкіх.

Гуардуччы падзяліўся, што не бачыў сваю жонку і дзяцей больш за месяц.

«Для мяне святая Камунія хворым была спосабам запоўніць гэтую пустэчу; гэты жэст дазволіў мне з’яднацца са сваімі блізкімі праз Пана, — сказаў ён «Avvenire». — Гэта была адна з самых цудоўных падзеяў, якія я перажыў у сваім жыцці як мужчына, як хрысціянін і як медык».

Абноўлена 16.04.2020 18:19
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.