Год таму, увечары 15 красавіка, над адной з галоўных славутасцяў Парыжа — катэдрай Нотр-Дам — узвіліся клубы дыму і языкі полымя. На вачах натоўпу абрынуўся 45-метровы шпіль святыні. Здавалася, уратаваць яе будзе немагчыма…
У той час катэдра была ў будаўнічых рыштаваннях — вялася рэканструкцыя будынка. Пажар распачаўся на даху каля васьмі гадзін вечара па мінскім часе, нагадвае TUT.BY.
Неўзабаве пасля падзення шпіля абрынуўся дах.
Становішча ўскладняла тое, што ў будынку шмат драўляных канструкцый. Шпіль быў цалкам пабудаваны з дубу, абкладзенага свінцом.
Загаранне ўдалося ўзяць пад кантроль, калі група пажарных увайшла ў будынак і пачала тушыць пажар з сярэдзіны.
Улады пазней паведамілі, што гэта былі вырашальныя 15 хвілін для Нотр-Дама.
Праз больш як 12 гадзін пажар быў патушаны. З агню ўдалося ўратаваць большую частку каштоўных хрысціянскіх рэліквій. Мэр Парыжа Ан Ідальго распавядала, што паліцэйскія і гарадскія служачыя ўтварылі «вялікі чалавечы ланцужок», каб перадаваць іх з рук на рукі.
Сярод іншых рэліквій быў уратаваны цярнёвы вянец Езуса Хрыста.
Захаваліся таксама 16 мядзяных фігур з даху вышынёю па тры метры і вагою каля 250 кг. За некалькі дзён да пажару іх знялі са шпіля і перавезлі на рэканструкцыю. Пасля аднаўлення іх збіраліся вярнуць на шпіль у 2022 годзе.
Прэзідэнт Рэспублікі Эмануэль Макрон паабяцаў аднавіць катэдру Нотр-Дам. Дапамагчы фінансава ў гэтай пачэснай справе абяцалі бізнэсоўцы, мецэнаты, прадпрыемствы. Арганізацыя, якая займаецца кансервацыяй і адбудовай святыні, разлічвае на абяцанні і абавязацельствы на суму 902 млн еўра. Збор сродкаў вядзе Цэнтр нацыянальных помнікаў Францыі. Ім ужо атрыманыя 188 млн еўра.
Спецыялісты лічаць, што на рэканструкцыю катэдры Нотр-Дам можа спатрэбіцца да 15–20 гадоў і каля аднаго млрд еўра.
Прэзідэнт Францыі даручыў аднавіць катэдру на працягу пяці гадоў. За год рэстаўратары так і не прыйшлі да згоды адносна таго, як будзе выглядаць адноўленая святыня.
Пракуратура выключыла версію наўмыснага падпалу. Праваахоўнікі лічаць, што пажар магла выклікаць непатушаная цыгарэта ці няспраўнасць электраправодкі. Вядзецца следства.
Першая пасля пажару святая Імша ў зачыненай катэдры прайшла ў адной з капліц 15 чэрвеня мінулага года.
На Імшы ўсе святары з меркаванняў бяспекі былі ў будаўнічых касках.
У Вялікую пятніцу 10 красавіка тут прайшло набажэнства Мукі Пана, падчас якога святары таксама былі ў касках.
Парыжскую катэдру Маці Божай Нотр-Дам будавалі ў перыяд з 1163 па 1345 год. Гатычная катэдра мае вышыню 45 метраў, вежаў — 69 метраў, а крыж на знішчаным пажарам шпілі ўзвышаўся на 96 метраў над зямлёю. Галоўны фасад святыні аздоблены фігурамі, якія прадстаўляюць сцэны з Евангелля.
У парыжскай катэдры захоўваецца адна з найкаштоўнейшых рэліквій — цярнёвы вянец Хрыста.
З 1991 года Нотр-Дам уваходзіць у спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.