Пошук

28.02.2020 14:26   Паводле: Vatican News / Пераклад і адаптацыя: Мікола Гракаў / Catholic.by
Фота: egliserusse.eu

Амаль праз год пасля пажару ў парыжскім Нотр-Даме адна з найкаштоўнейшых хрысціянскіх рэліквій — цярнёвы вянец Хрыста, які захоўваўся ў святыні і быў уратаваны французскімі пажарнымі, — зноў будзе выстаўлены для агляду і ўшанавання.

Як паведамляе польская рэдакцыя парталу Vatican News, цярнёвы вянец, які пасля пажару захоўваецца ў Луўры, будзе выстаўляцца ў касцёле Сэн-Жэрмэн, што знаходзіцца непадалёк ад славутага музея, у кожную пятніцу Вялікага посту з 15-й да 17-й гадзіны. Да пажару ў катэдры Нотр-Дам існавала традыцыя выстаўленняў цярнёвага вянца ў першыя пятніцы месяца і ва ўсе пятніцы Вялікага посту.

«Я веру, што гэтая рэліквія дапаможа нам лепш перажыць час навяртання і глыбей увайсці ў муку Хрыста», — падкрэсліў рэктар Нотр-Дама ксёндз Патрык Шавэ.

Святар прызнаўся, што яго заўсёды глыбока кранала тое, як горача вернікі маліліся перад цярнёвым вянцом Збаўцы.

«Зазвычай прыходзілі старэйшыя і хворыя людзі, але нямала было і моладзі; многія прыносілі з сабою здымкі сваіх блізкіх», — адзначыў рэктар парыжскай катэдры. Ён дадаў, што ў цяперашніх абставінах штомесячнае выстаўленне рэліквіі немагчымае.

Фота: medias-presse.info

Цярнёвы вянец Збаўцы захоўваўся ў Нотр-Даме з 1806 года. Рэліквія змешчана ў абручы, які зберагае каштоўную святыню ад пашкоджанняў.

Лічыцца, што цярнёвы вянец Хрыста разам са шматлікімі іншымі рэліквіямі адшукала ў Ерузалеме маці святога Канстанціна Вялікага святая Алена.

У V ст. вянец знаходзіўся ў Ерузалеме, а ў 1063 годзе быў перавезены ў Візантыю, і ўжо адтуль у 1237 годзе трапіў у Францыю. На працягу стагоддзяў шмат церняў з вянца было адламана, і цяпер яны захоўваюцца ў розных касцёлах ва ўсім свеце.

Абноўлена 28.02.2020 15:46
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа