Прайшло ўжо чатыры тыдні, як у Германіі на час каранціну закрылі ўсе святыні. Сімвалічны час Вялікага посту і новая рэальнасць — з немагчымасцю Камуніі і споведзі, але з магчымасцю маліцца анлайн.
Пра асаблівасці Вялікадня ў новых умовах і адрозненне нямецкай традыцыі ад беларускай расказвае Ілья Лапато.
Яйкі, заяц і выходны панядзелак
Католікі Германіі не благаслаўляюць яек і амаль ніколі іх не фарбуюць. Знаёмыя нам чырвоныя яйкі на Вялікдзень, як і велікодныя кошыкі з вяндлінамі і печывам — гэтая традыцыя характэрна для польскіх парафій, а таксама для сорбаў — этнічнай групы з ваколіц Саксоніі.
Сорбы належаць да этнічнай меншасці ў Германіі і побач з датчанамі, фрызамі, сінці і рома маюць афіцыйны статус нацыянальнай меншасці, што гарантуе ім права на абарону сваёй культуры.
Па-іншаму выглядаюць і некаторыя моманты Пасхальнага Трыдууму.
Як і ў нас, у Вялікі чацвер далёка не ва ўсіх парафіях адбываецца абрад абмыцця ног. Як вядома, некалькі гадоў таму Папа Францішак дазволіў задзейнічаць у гэтым абрадзе не толькі мужчын. У Берліне я назіраў, як падчас святой Імшы Вячэры Пана святар абмываў ногі тром мужчынам, пяцём жанчынам і чацвярым дзецям. У Беларусі пакуль такога не ўбачыш.
У Вялікую пятніцу звычайна людзі прыходзяць у касцёл з кветкамі. Іх прыносяць да алтара падчас ушанавання крыжа. Сёлета ж вернікі сачылі за набажэнствам праз інтэрнэт.
Рэкамендаваны каранцін даў зялёнае святло крэатыву маладых католікаў. Моладзь са студэнцкай парафіі ў Мюнстэры кожны тыдзень сама аздабляе святую Імшу: запісвае спевы для трансляцыі і разважае над тэкстамі Евангелля. Дзяўчаты і хлопцы дасылаюць 30-секундныя ролікі, якія святар уключае ў нядзельнае казанне. Атрымліваецца інтэрактыўна.
Цікавай выглядае традыцыя са свечкамі ў Пасхальную вігілію.
У некаторых парафіях падчас першага чытання з кнігі Быцця пасля словаў «<…> і быў вечар, і была раніца, дзень першы / другі / трэці...» ля алтара па чарзе запальваюць па адной з сямі свечак. Выглядае сімвалічна.
Вялікая пятніца і велікодны панядзелак — выходныя. У Германіі ў гэтыя дні нічога не працуе, нават прадуктовыя крамы. Да пандэміі ў такія дні, нягледзячы на замкнёныя супермакеты, заўжды можна было знайсці месцы, каб выпіць каву або павячэраць. Цяпер найлепшая кава ў нядзелю — зробленая дома.
Папулярным сімвалам да святаў Вялікадня ў Германіі з’яўляецца велікодны заяц. Па традыцыі ў велікодную раніцу ён прыносіць падарункі і пакідае за сабой яйкі. Асабліва яго любяць дзеці, бо найчасцей заяц «прыносіць» шакалад і слодычы.
Велікодны ранак для многіх малых пачынаецца з квэсту: трэба знайсці падказкі ад зайчыка і здагадацца, дзе схаваныя падарункі.
На гэтым вобразе актыўна спекулююць гандлёвыя сеткі, спрабуючы такім чынам камерцыялізаваць Вялікдзень. Штогод з вітрынаў на людзей глядзяць сотні зайчыкаў і зайцоў усіх магчымых колераў і памераў. У тэлерэкламе такія зайцы могуць рэкламаваць усё, што заўгодна.
З аднаго боку, гэта плюс — пра Вялікдзень не забываюцца. Але важна, каб вобраз зайца не зацямняў цэнтральны вобраз свята — уваскрослага Хрыста.
Адна нямецкая прымаўка кажа: іншыя краіны — іншыя звычаі. Але нязменным застаецца прывітанне на ўсіх мовах: Хрыстус уваскрос!
Ад рэдакцыі: Думкі, выказаныя ў матэрыяле, носяць суб’ектыўны характар і з’яўляюцца абагульненнем вопыту аўтара.