Пошук

02.04.2020 10:53   Падрыхтаваў: Мікола Гракаў / Catholic.by
Фота: tourprom.ru

У межах падрыхтоўкі да галоўнага юдэйскага свята Пэсах 31 сакавіка са Сцяны Плачу ў Ерузалеме прыбралі тысячы лісткоў з малітоўнымі просьбамі, якія за апошнія месяцы пакінулі наведвальнікі адзінай ацалелай сцяны ерузалемскай святыні.

Разам з тым у мэтах бяспекі у адным з найбольш папулярных у свеце месцаў малітвы была праведзена дэзінфекцыя. Пра гэта паведамляе Фонд спадчыны Заходняй сцяны (Western Wall Heritage Foundation).

Юдэйскі Пэсах, які святкуецца на працягу тыдня ў памяць пра Зыход ізраэльскага народа з егіпецкай няволі, сёлета распачнецца ў сераду 8 красавіка.

Прысутны пры працах адказны за Сцяну Плачу рабін Шмуль Рабіновіц памаліўся аб аздараўленні хворых. «У гэтыя цяжкія хвіліны, калі ў свеце пашыраецца эпідэмія, што пагражае нашаму жыццю, мы збіраем малітвы з усяго свету, пакінутыя ў сцяне, якая засталася ад знішчанай Святыні, — малітвы да Стварыцеля свету, каб Ён спаслаў нам поўнае выбаўленне і добрае здароўе, каб пажадаў вызваліць нас ад гэтага небяспечнага вірусу, які напаў на свет», — сказаў рэбе Рабіновіц.

Фота: Іeshua.org

З моманту папярэдняга ачышчэння Сцяны Плачу перад іншым юдэйскім святам, Рош га-Шана, у верасні мінулага года толькі праз спецыяльны інтэрнэт-сервіс Фонду было пакінута 18 тыс. лісткоў з малітвамі з усяго свету.

Лісткі вымаюць са шчылін у Сцяне Плачу двойчы ў год: перад юдэйскім Новым годам Рош га-Шана, а таксама перад Пэсахам. Згодна з традыцыяй, праз нейкі час іх закопваюць на Аліўнай гары.

У сувязі з сітуацыяй з COVID-19 у Ізраілі ўведзены строгія каранцінныя меры. У прыватнасці, забаронена збірацца на супольныя малітвы ў памяшканнях і на адкрытым паветры. Аднак улады краіны зрабілі выключэнне, дазволіўшы тройчы ў суткі каля Сцяны Плачу праводзіць малітву з удзелам дзесяці чалавек.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа